РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),
сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.
У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл. Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.
В.Р.Усціменка.
т. 13, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)