Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІПАТЭ́ЧНЫ БАНК,

камерцыйная ўстанова, якая выдае грашовыя пазыкі (крэдыты) пад залог нерухомасці або для набыцця нерухомасці, а таксама выпускае закладныя лісты, якія забяспечваюцца закладзенай нерухомасцю. Ствараецца для пакрыцця буйных капітальных затрат (напр., пабудова ірыгацыйных сістэм) або фінансавання кароткатэрміновых пазык (напр., на набыццё насення, пазыка пагашаецца пры рэалізацыі ўраджаю). І.б. мае права выдаваць крэдыты пад залог адной і той жа маёмасці двойчы, г.зн. пад закладныя — даўгавыя абавязацельствы аб залогу нерухомасці, якія выдаюцца банкам пазычальніку. Гл. таксама Іпатэка.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 301

ІПАХО́НДРЫЯ (грэч. hypochondria літар. падрабрынне),

хваравіты стан, які характарызуецца празмернай увагай да стану свайго здароўя, страхам за яго і за жыццё. Бывае пры шызафрэніі, псіхапатыях, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. Скаргі хворых фантастычныя («згнілі, расплавіліся тыя ці інш. органы», «вантробы заселены дробнымі жывёламі» і інш.), дэпрэсіўна афарбаваныя, не адпавядаюць вынікам аб’ектыўнага (клінічнага і лабараторнага) даследавання.

т. 7, с. 301

ІПА́ЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (30.6.1911, г. Растоў, Расія — 8.8.1969),

бел. вучоны-генетык і селекцыянер. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р с.-г. н. (1959), праф. (1960). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1934). У 1948—61 заг. кафедры пладаводства БСГА, з 1961 заг. аддзела радыяцыйнай генетыкі Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1962 у Бел. ун-це. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве садова-агародных культур, дыферэнцыйнай сістэматыцы раслін. Вывеў некалькі сартоў памідораў.

Тв.:

Частная селекция овощных культур. Мн., 1965;

Овощные растения земного шара. Мн., 1966;

Помология БССР Атлас плодов яблони. Мн., 1972 (у сааўт.).

А.М.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

ІПА́ЦЬЕЎ (Віктар Аляксандравіч) (н. 30.3.1942, г. Омск, Расія),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. з 1994), д-р с.-г. н. (1986), праф. (1997). Акад. Рас. акадэміі с.-г. н. (1995). Сын А.М.Іпацьева. Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1965). З 1967 працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры), з 1989 дырэктар Ін-та лесу Нац. АН Беларусі. Навук. працы па лесазнаўстве, лясной гідралогіі, радыеэкалогіі лесу, пытаннях аптымізацыі воднага рэжыму і жыўлення лясных насаджэнняў ва ўмовах залішняй увільготненасці глеб, паскарэння рэабілітацыі лясных экасістэм пасля глабальнага радыенукліднага забруджвання. Аўтар навук. кірунку па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых пародах.

Тв.:

Ведение лесного хозяйства на осушенных землях. М., 1984 (разам з Л.​П.​Смаляком, І.​К.​Блінцовым);

Водный режим и потребление элементов питания в мелиорированных сосновых фитоценозах. Мн., 1990;

Лес и Чернобыль. Мн., 1994 (у сааўт.).

В.А.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

ІПА́ЦЬЕЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.11.1867, Масква — 29.11.1952),

рускі хімік, ваен. інжынер, арганізатар хім. прам-сці ў СССР. Акад. АН СССР (1925), ген.-лейт. (1914). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1892), дзе і працаваў да 1918 (з 1899 праф.). З 1930 у ЗША. Навук. працы па каталітычным арган. сінтэзе, па неарган. хіміі і нафтахіміі. Атрымаў сінт. ізапрэн (1897). Даследаваў тэрмакаталітычныя рэакцыі пераўтварэння спіртоў, на аснове якіх распрацаваў новыя метады сінтэзу альдэгідаў, эфіраў, алефінаў (1901—05). Выкарыстаў высокі ціск у гетэрагенным каталізе і для правядзення неарган. рэакцый. Сканструяваў прыбор — «бомба І.» (1904), які стаў правобразам аўтаклаваў і рэактараў, што выкарыстоўваюць у хім. практыцы. Аўтар манаграфіі «Каталітычныя рэакцыі пры высокіх тэмпературах і ціску» (1936). Прэмія імя У.​І.​Леніна 1927.

Літ.:

Локтев С.М. Академик Ипатьев — химик нового века. М., 1991.

У.М.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб. стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 301

І́ПА-ВІША́НСКАЕ БАЛО́ТА,

на З Светлагорскага і Пн Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Іпа і яе прытока р. Віша. Нізіннага тыпу. Пл. 13,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 9,2 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. На асушанай ч. вырошчваюць збожжа, бульбу, травы; неасушаная ч. пад лесам, трыснягом, асаковымі, сфагнавымі імхамі. На балоце пясчаныя астравы і грады.

т. 7, с. 299

ІПЕКАКУА́НА, ванітоўны корань (Cephaelis ipecacuanha),

кветкавая расліна сям. марэнавых. Пашырана ў трапічных лясах Бразіліі, Калумбіі і Цэнтр. Амерыкі. Вырошчваюць як лек. сыравіну.

Паўхмызняк выш. да 60 см з карэнішчам, якое мае пацеркападобныя патаўшчэнні. Лісце супраціўнае. Дробныя кветкі сабраны ў паўшарападобныя галоўкі. Карэнішча мае 2—3% алкалоідаў (эмецін, цэфаэлін і інш.). Выкарыстоўваецца ў медыцыне як адхарквальны сродак (ужываюць у выглядзе экстрактаў, настояў, сіропаў). У вял. дозах выклікае рвоту [адсюль другая назва — ванітоўны (ірвотны) корань].

Іпекакуана.

т. 7, с. 301

ІПІЎТА́К,

археалагічная культура паляўнічых на маржоў, цюленяў і карыбу, якая існавала ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. на мысе Хоп (Аляска). У 1939—41 адкрыта і даследавана больш за 700 драўляных чатырохвугольных паўпадземных жытлаў з агнішчамі. Выяўлена 138 пахаванняў, некаторыя ў драўляных трунах з багатым інвентаром і загадкавымі скульптурамі, якія, магчыма, звязаны з шаманізмам. Знойдзены аббітыя каменныя прылады, вырабы з косці, іклаў і рогу (наканечнікі стрэл, коп’яў, астрогі, іголкі і інш.), скульптурныя выявы жывёл, фантастычныя фігуркі з маржовых іклаў.

т. 7, с. 302

ІПРЫ́Т, β,β′-дыхлордыэтылсульфід,

арганічны сульфід аліфатычнага рада, S(CH2CH2Cl)2. Выкарыстаны як атрутнае рэчыва ў 1917 Германіяй каля бельг. горада Іпр (адсюль назва).

Бясколерная масляністая вадкасць з пахам часнаку ці гарчыцы, tпл 14,5 °C, tкіп 217 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1274,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Моцныя акісляльнікі (напр., хлорная вапна, хлораміны) выклікаюць поўную дэструкцыю (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі І.). Протаплазматычны яд (пашкоджвае вочы, скуру, органы дыхання). Смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 70 мг/кг (мае «скрыты перыяд» дзеяння да 12 гадз і болей).

т. 7, с. 302