Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,

сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.

М.Р.Мялік.

Груша Ільінка.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 30.12.1935, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). Тэматыка твораў — пейзажы Беларусі. Працуе ў тэхніках лінарыту (серыі «Веснавыя паводкі», 1973; «Лепельшчына», 1975; «Поры года», 1978; «Бярэзінскі запаведнік», 1980; «Песні палёў», 1982; «Мой горад», 1983; «Зімовыя карункі», 1985; «Мой родны кут», 1993; асобныя аркушы: «Жыта каласуе», 1970; «Месячная ноч», 1974; «Калядная ноч», 1990, «Вечнасць» і «Восеньская мелодыя», абодва 1995), акварэлі. Выразная графічная мова твораў прасякнута лірызмам і эмацыянальным светаўспрыманнем.

В.В.Шамшур.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКАЯ (Таіса Паўлаўна) (н. 11.5.1921, г. Самара, Расія),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р біял. н. (1971). Скончыла Маскоўскую вет. акадэмію (1949). З 1960 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях штучнага асемянення жывёлы. Прапанавала спосаб вызначэння апладняльнай здольнасці спермы, метады яе крыякансервавання.

Тв.:

Глубокое замораживание спермы сельскохозяйственных животных. Мн., 1972;

Физиологические основы рационального использования производителей сельскохозяйственных животных. Мн., 1975 (разам з В. С.Антанюком).

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.Арбузава (1955, з А.Скібнеўскім).

Літ.:

Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.Ільінскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Жывдё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.

Б.І.Бур’ян.

А.К.Ільінскі.
А.Ільінскі ў ролі Несцеркі.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.Транёва (1960, абодва з В.Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.

Тв.:

Сам о себе. М., 1962.

Літ.. Владимирова З.. Игорь Ильинский. М., 1967.

І.У.Ільінскі.
І.Ільінскі ў ролі Шчасліўцава.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (13.11.1856, С.-Пецярбург — 18.11.1941),

рускі сав. хімік-арганік і тэхнолаг, арганізатар анілінафарбавай прам-сці ў СССР. Ганаровы чл. АН СССР (1935). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Берліне (1882). Працаваў у Германіі. З 1918 у Маскоўскім ун-це, з 1925 у «Анілтрэсце», з 1931 у Ін-це арган. паўпрадуктаў і фарбавальнікаў. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў. Адкрыў утварэнне α-сульфа- і дысульфакіслот пры сульфіраванні антрахінону ў прысутнасці ртуці (1891). Распрацаваў спосаб атрымання першага сіняга кіслотнага антрахінонавага фарбавальніка, тэхналогію атрымання антрахінону акісленнем антрацэну (1928—32, разам з супрацоўнікамі). Прапанаваў метады атрыманая новых сульфакіслот антрахінону, кіслотных і кубавых антрахінонавых фарбавальнікаў (1899—1914), спосаб абсарбцыйнага фарбавання (1911).

М.А.Ільінскі.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Рыгор Андрэевіч) (23.3.1876, С.-Пецярбург — 1937),

рускі мовазнавец-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1925, чл.-кар. Рас. АН з 1921), Балг. (1929) і Польск. (1930) АН. Праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та (1909—15), Юр’еўскага (г. Тарту, з 1916), Саратаўскага (1920—24), Маскоўскага (з 1927) ун-таў. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Даследаваў параўнальную граматыку слав. моў, праславянскую мову, гісторыю і паходжанне слав. пісьменства. Вывучаў і выдаваў помнікі слав. пісьменства («Граматы балгарскіх цароў», 1911, і інш.). Шэраг артыкулаў прысвяціў з’явам бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трасина, дебри» (1928), «Аб канчатку -эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929) і інш.

Тв.:

Праславянская грамматика. Нежин, 1916.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 229—236;

Журавлев В.К. Г.А.Ильинский. М., 1962.

М.Г.Булахаў.

т. 7, с. 201

ІЛЬКЕ́ВІЧ (Георгій Іванавіч) (н. 15.4.1935, в. Бараўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералаг. навук (1987). Скончыў БДУ (1958). З 1976 гал. геолаг Бел. гідрагеал. экспедыцыі. Навук. працы па методыках і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, складанні зводных геал. картаў, вывучэнні стратыграфіі антрапагенавых адкладаў, геал. будовы і карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Геология антропогена Белоруссии Мн., 1973 (у сааўт.);

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Логойская астроблема. М., 1991 (у сааўт.).

т. 7, с. 201

ІЛЬКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.8.1958, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. вучылішча (1979), Акадэмію Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Рас. Федэрацыі (1993). Служыў ва Узбекістане, Афганістане, Азербайджане. З 1992 нач. Цэнтра грамадскіх сувязей Упраўлення ФСБ Рас. Федэрацыі па Смаленскай вобл. Аўтар дакумент. твораў пра паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т.л. на Смаленшчыне, пра лёсы дзеячаў бел. культуры — М.І.Гарэцкага (кн. «Душа дваілася...», 1997), Г.І.Гарэцкага («Акадэмік Гаўрыіл Гарэцкі», 1998), В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, А.Ляўданскага і інш.

т. 7, с. 201

ІЛЬМЕНІ́Т (ад назвы радовішча ў Ільменскіх гарах на Паўд. Урале, дзе ўпершыню выяўлены),

тытаністы жалязняк, мінерал падкласа складаных аксідаў, FeTiO3. Змяшчае жалеза 36,8%, тытану 31,6%, састаў непастаянны; прымесі магнію, марганцу і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя. Колер чорны. Бляск металічны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³. Трапляецца ў асноўных шчолачных пародах і ў шчолачных пегматытах, таксама ў россыпах (другасныя радовішчы). На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундамента, у большасці абломкавых парод платформавага чахла. Руда тытану. Крыніца атрымання фератытану і інш.

Ільменіт.

т. 7, с. 201