Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗАБУТЫЛЕ́Н,

гл. ў арт. Бутэны.

т. 7, с. 174

ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),

тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.

т. 7, с. 174

ІЗАГІЕ́ТЫ (ад іза... + грэч. hyetos дождж),

ізалініі колькасці ападкаў за адзінку часу або сярэдніх шматгадовых сум ападкаў за месяц або год.

т. 7, с. 174

ІЗАГІ́ПСЫ (ад іза... + грэч. hypsos вышыня),

тое, што гарызанталі.

т. 7, с. 174

ІЗАІ́ (Ysaye, Ysaÿe) Эжэн (16.7.1858, г. Льеж, Бельгія — 12.5.1931), бельгійскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Адзін з буйнейшых скрыпачоў канца 19 — пач. 20 ст. З 1874 вучыўся ў Брусельскай кансерваторыі ў Г.Вяняўскага, у 1876—79 у Парыжы ў А.В’ётана. З 1886 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1918—22 кіраўнік сімф. аркестра ў г. Цынцынаты (ЗША). Выступаць з сольнымі канцэртамі пачаў у Расіі (1882). Яго выканальніцкае майстэрства зацвердзіла сусв. значэнне бельг. скрыпічнай школы. Заснавальнік струннага квартэта (1888), арганізатар, дырэктар і дырыжор «Канцэртаў Ізаі» (1895). Аўтар скрыпічных твораў, у т.л. санат для скрыпкі сола, дзе выкарыстаў шэраг тэхн. прыёмаў, якія раскрылі гучанне скрыпкі з нечуванай да яго паўнатой і маляўнічасцю; оперы «Шахцёр П’ер» (1931), шматлікіх транскрыпцый. Сярод вучняў М.Прэс, М.Эрдэнка. У Бруселі праводзяцца міжнар. конкурсы скрыпачоў (з 1937) і піяністаў (з 1938) імя І.

т. 7, с. 174

ІЗАЛЕЙЦЫ́Н,

CH3С2H5 CHCH (NH2) COOH, α-аміна-β-метыл — β-этылпрапіёнавая кіслата; адна з незаменных амінакіслот. Адкрыты ням. біяхімікам Ф.Эрліхам (1904) у прадуктах распаду бялку фібрыну. Адносіцца да групы аліфатычных монаамінакарбонавых кіслот з разгалінаваным вугляродным ланцугом. Зыходныя злучэнні для біясінтэзу І. ў раслін і мікраарганізмаў — піруват і α-кетамасляная к-та. У жывёльным арганізме не сінтэзуецца; паступае з ежай. Сутачная патрэбнасць чалавека 1,5—2 г.

т. 7, с. 174

ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),

лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.

т. 7, с. 174

ІЗАЛЯВА́НЫЯ О́РГАНЫ,

выдзеленыя з арганізма жывёл і чалавека (донара ці трупа) часткі цела, змешчаныя ў штучнае пажыўнае асяроддзе, дзе часова захоўваюць асн. функцыянальныя ўласцівасці. Нарыхтоўку І.о. робяць у спецыялізаваных мед. установах; створаны банкі І.о., тыпіраваныя па імуналагічнай сумяшчальнасці. Існуюць розныя метады кансервавання І.о.: замяшчальны (прапусканне крыві ці спец. раствору праз орган — апаратная перфузія); прыгнечання абмену рэчываў (ахаладжэнне да 0 °C у вадкім і цвёрдым асяроддзі, замарожванне); камбінаваны (штучная дастаўка ці зніжэнне патрэбнасці органа ў кіслародзе і пажыўных рэчывах). Ізалююць цэлыя органы (ныркі, печань, сэрца, канечнасць) і іх часткі (перыкард, клапаны сэрца, крывяносныя сасуды, нервы, кроў). Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах у фізіялогіі, біяхіміі, паталогіі, для перасадкі органаў.

А.С.Леанцюк.

т. 7, с. 174

ІЗАЛЯВА́НЫ ПУНКТ,

пункт некаторага мноства, у дастаткова малым наваколлі якога няма інш. пунктаў гэтага мноства. Напр., пункт Ο (Ο, О) — І.п. крывой y​2=x​4-4x​2 Гл. таксама Асаблівы пункт.

Да арт. Ізаляваны пункт.

т. 7, с. 174

ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),

1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл. Дыэлектрыкі).

2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл. Ізалятар электрычны).

3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл. Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).

т. 7, с. 174