Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІАНІ́ТНАЯ ГЛЕ́БА,

штучнае пажыўнае асяроддзе для вырошчвання раслін; сумесь іанітаў (аніяніту і катыяніту), насычаных біягеннымі элементамі ў выглядзе іонаў. Створана ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі У.С.Салдатавым і Н.Р.Пёрышкінай (1966).

Распрацаваны розныя віды І.г. («Біёна»), якія адрозніваюцца іонаабменнікамі, іх іонным саставам і відам раўнаважнага пажыўнага раствору. Атрымана грануляваная, валакністая і ў выглядзе пенаматэрыялаў. Мае 4—8% (па масе) неабходных для раслін элементаў. 1 кг сухой І.г. (без унясення ўгнаенняў) дае 1—3 кг сырой (0,1—0,3 кг сухой) расліннай біямасы. Выкарыстоўваюць для вырошчвання раслін у ненатуральных умовах (на ледаколах, у касм. аранжарэях, хатнім раслінаводстве), у біялогіі для адаптацыі аслабленых раслін, чаранкавання (напр., бульбы, вінаграду і інш.), як высокаэфектыўнае ўгнаенне.

Літ.:

Солдатов В.С., Перышкина Н.Г. Искусственные почвы для растений. Мн., 1985.

В.В.Матусевіч.

т. 7, с. 139

ІАНІ́ТЫ, іонаабменнікі,

цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках рэчывы, здольныя да іоннага абмену.

Маюць іанагенныя (дысацыіруючыя на іоны) групы, якія замацаваны на палімернай матрыцы. Паводле тыпу іанагенных груп адрозніваюць катыяніты (полікіслоты), аніяніты (поліасновы) і амфатэры (поліамфаліты). Паводле хім. прыроды матрыцы падзяляюць на арган., неарган. і мінеральна-арган., па паходжанні — на прыродныя і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. арган. І. (гл. Іонаабменныя смолы), з неарган. — алюмасілікаты. Асн. ўласцівасці — абменная ёмістасць (колькасць мг-экв іонаў, якія паглынаюцца адзінкай масы ці аб’ёму І.) і селектыўнасць (характарызуецца каэф. селектыўнасці, які паказвае ступень абагачэння І. пэўным іонам у параўнанні з растворам). Выпускаюць у выглядзе гранул, парашкоў, валакністых матэрыялаў, мембран. Выкарыстоўваюць для дэмінералізацыі і змякчэння вады, выдалення ўрану і медзі з руд, раздзялення рэдказямельных элементаў, у вытв-сці антыбіётыкаў і інш.

У.С.Салдатаў.

т. 7, с. 139

ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,

цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на 3 Месінскім пралівам з Тырэнскім м. Пл. 169 тыс. км2. Найб. глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).

т. 7, с. 139

ІАНІ́ЧНЫЯ АСТРАВЫ́ (Ionioi nēsoi),

у Іанічным м., каля зах. берагоў Балканскага п-ва. Тэр. Грэцыі. Пл. больш за 2,3 тыс. км2. Вылучаюцца буйныя астравы: Кефалінія, Керкіра, Закінтас, Лефкас. Складзены пераважна з вапнякоў. Карст. Пагоркі і нізкагор’е, выш. да 1628 м (на в-ве Кефалінія). У далінах земляробства (вінаграднікі, плантацыі цытрусавых, аліўкавыя гаі). Прыморскія кліматычныя курорты. Асн. гарады: Керкіра, Аргастоліян.

т. 7, с. 140

ІАНІ́ЧНЫ О́РДЭР,

адзін з трох галоўных грэч. арх. ордэраў. Мае стройную калону з базай і ствалом, аздоблены верт. жалабкамі-канелюрамі; капітэль складаецца з 2 завіткоў (валют). Антаблемент уключае архітраў з трох гарыз. палос; фрыз часта пакрываўся рэльефам. І.о. склаўся ў каменным дойлідстве іанічных абласцей Стараж. Грэцыі (600—590 да н.э.). Ад дарычнага ордэра адрозніваецца больш лёгкімі прапорцыямі і больш багатым дэкорам усіх частак. Асабліва быў пашыраны ў Грэцыі ў эпоху элінізму. Класічныя ўзоры захаваліся ў Прапілеях, Эрэхтэёне, храме Нікі Аптэрас у Афінах.

Да арт. Іанічны ордэр Паўночны порцік Эрэхтэёна ў Афінах. 421—406 да н.э.

т. 7, с. 139