Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРОМБ (франц. trombe ад італьян. tromba смерч, літар. — труба),

у метэаралогіі, моцны віхор над сушай, які ўзнікае пад навальнічным воблакам. Дыяметр некалькі дзесяткаў метраў, скорасць ветру да 50—100 м/с (паласа разбурэнняў — некалькі соцень метраў у шырыню). Узнікае ў гарачае надвор’е пры рэзкай няўстойлівай стратыфікацыі атмасферы. У ЗША наз. тарнада. Гл. таксама Віхор, Смерч.

т. 15, с. 528

ТРОМБ (ад грэч. thrombos камяк, згустак) у медыцыне, згустак крыві, які ўтвараецца ў прасвеце крывяноснага (лімфатычнага) сасуда або поласці сэрца; вядзе да трамбозаў. Складаецца з фібрыну, форменных элементаў крыві.

Адрозніваюць Т. прысценачны і закупорвальны прасвет сасуда; белы, чырв., слаісты, гіялінавы. Белы Т. мае шмат лейкацытаў, утвараецца пераважна ў артэрыях. У чырв. вял. колькасць эрытрацытаў, утвараецца часцей у венах. Гіялінавы Т. утрымлівае разбураныя эрытрацыты, трамбацыты і бялкі плазмы крыві. Часцей бывае змешаны (слаісты) Т., складаецца з галоўкі. прымацаванай да сценкі сасуда, цела і хваста. Можа растварацца, замяшчацца злучальнай тканкай. насычацца солямі кальцыю (утвараецца камень).

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 528

ТРОМБАФЛЕБІ́Т (ад тромб + флебіт),

запаленне і трамбоз вен. Звычайна развіваецца ў сасудах ніжніх канечнасцей, таза, гемараідальных венах. Адрозніваюць востры, хранічны, мігравальны (запаленчы працэс перамяшчаецца з аднаго ўчастка на другі). Сімптомы: боль, павышаная т-ра цела, пачырваненне ці сінюшнасць скуры, ацёк, расшырэнне падскурных вен. Ускладненні вострага Т. — тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі, гангрэна канечнасцей, абсцэсы і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 528

ТРОМБАЭМБАЛІ́Я (ад тромб + эмбалія),

вострая закупорка крывяносных сасудаў (звычайна артэрый) тромбамі, якія трапілі ў кроваток. Часам прыводзіць да развіцця ішэмічнага інсульту, інфаркту лёгкіх, нырак і інш. Т. складае 99% усіх відаў эмбалій.

т. 15, с. 528

ТРОМП (франц. trompe ад старажытнаверхненям. trumba труба) у архітэктуры, трохвугольная нішападобная скляпеністая канструкцыя ў форме ч. конуса, палавіны або чвэрці сферычнага купала. Т. служаць для пераходу ад ніжняй, квадратнай у плане ч. будынка да верхняй, круглай ці шматвугольнай (ад купала або яго барабана). Часам Т. з’яўляецца апорнай канструкцыяй для вуглавых купалаў, эркераў. Т. былі пашыраны ў сярэдневяковай архітэктуры Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Закаўказзя і Еўропы; у рус. і бел. дойлідстве — пераважна ў 17 ст. Гл. таксама Ветразі.

Тромпы.

т. 15, с. 528

ТРОН (ад грэч. thronos),

1) багата ўпрыгожанае крэсла на спец. узвышэнні — месца манарха ў час афіц. прыёмаў, урачыстых цырымоній.

2) Сімвал манархічнай улады (быць на Т. — княжыць, караляваць, царстваваць).

т. 15, с. 528

ТРО́НХЕЙМ (Trondheim),

горад на ПнЗ Нарвегіі. Адм. ц. фюльке Сёр-Трэндэлаг. Засн. ў 997. Стараж. сталіца Нарвегіі (пад назвай Нідарас). Да 1380 і з 1814 месца каранавання нарвежскіх каралёў. Каля 150 тыс. ж. (2001). Порт у Тронхеймс-фіёрдзе, у вусці р. Нідэльв. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., лесаперапр., рыбаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: маст. прам-сці Паўн. Нарвегіі, Народны на адкрытым паветры, Маст. галерэя. Рамана-гатычны сабор (12—14 ст.).

т. 15, с. 528

ТРОП (ад грэч. tropos паварот, моўны зварот, вобраз),

слова ці моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні; адзін з прыёмаў стварэння мастацкага вобраза. У аснове Т. — суадносіны на аснове агульных рыс дзвюх з’яў, адна з якіх характарызуецца праз прыкметы другой. Т. падзяляюцца на простыя (параўнанне, эпітэт) і складаныя (метафара, метанімія, сінекдаха, сімвал, алегорыя, гіпербала, літота, іронія, гратэск, перыфраза, этымалагізм). Найчасцей выкарыстоўваецца ў маст. л-ры.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 528

ТРО́СНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 33 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,45 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі 2,77 км, пл. вадазбору 3,5 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м. Берагі нізкія, на З забалочаныя. Востраў пл. каля 1 га. Выцякае ручай у р. Палата.

т. 15, с. 528

ТРО́СНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тросніца (выцякае з возера), за 20 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,28 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км, пл. вадазбору 13 км². Схілы катлавіны пераважна не выражаны, месцамі выш. да 2 м, пад лесам, на У разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя. Пойма шыр. 25—50 м, забалочаная. Выцякае ручай у возера без назвы.

т. 15, с. 528