Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІРО́ТЫ,

катэгорыя сялянскага насельніцтва ў Стараж. Русі. У 11—14 ст. С. звалі сялян-абшчыннікаў, якія не страцілі асабістай свабоды, і насельніцтва княжацкіх вотчын. У Расіі ў 14—15 ст. С. — найб. прыгнечаная катэгорыя сял. насельніцтва. У канцы 14—15 ст. тэрмін «С.» ў актах і граматах выцясняецца тэрмінам «крестьяне». У 16 — пач. 18 ст. ў зваротах да ўрада ці феадала тэрмін «С.» ўжываўся як саманазва сялян, пасадскіх людзей, стралецкіх і салдацкіх жонак, іх дзяцей і г.д.

т. 14, с. 413

СІРО́ЦІН (Яўхім Ерамеевіч) (13.10.1888, с. Салёнае Займішча Чарнаярскага р-на Астраханскай вобл., Расія — 1947),

рускі і бел. фізік і матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Працаваў у ВНУ Масквы і Кастрамы. З 1922 у БДУ. У 1925 у Кембрыджскім ун-це пад кіраўніцтвам Э.​Рэзерфарда вывучаў метады радыеактыўных вымярэнняў. З 1937 у Калінінскім пед. ін-це. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., матэм. метадах у фізіцы.

А.​А.​Гусак.

т. 14, с. 413

СІРО́ЦІНА,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Чарніца, на скрыжаванні аўтадарог на Гарадок, Віцебск, Шуміліна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шуміліна, 45 км ад Віцебска. 720 ж., 324 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 14, с. 414

СІРО́ЦІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Сіроціна, з 1927 г.п. Шуміліна. 20.8.1924 падзелены на 12 сельсаветаў. З 20.2.1938 С.р. у Віцебскай вобл. У 1941 складаўся з г.п. Шуміліна і 14 сельсаветаў. У ліст. 1961 перайменаваны ў Шумілінскі раён.

т. 14, с. 414

СІРО́ЦКІ СУД,

установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.

т. 14, с. 414

СІРТ ВЯЛІ́КІ,

заліў у Міжземным м., другая назва заліва Сідра.

т. 14, с. 414

СІРФІ́ДЫ,

сямейства насякомых, гл. Журчалкі.

т. 14, с. 414

СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,

нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.

Літ.:

Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.

т. 14, с. 414

СІРЫ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У сумежных раёнах Сірыі, Іарданіі, Ірака і Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1 млн. км². Вапняковае плато і лававыя палі выш. 500—800 м, астраўныя горы выш. да 1100 м, многа бяссцёкавых катлавін і сухіх рэчышчаў, паніжэнні з саланчакамі і такырамі, участкі пясчаных і камяністых пустынь. Паверхня зніжаецца да даліны р. Еўфрат і Месапатамскай нізіны. Клімат субтрапічны кантынент., сухі, з цёплай зімой і гарачым летам. На паўн. ускраіне сярэдняя т-ра студз. 6,9 °C, ліп. 29,2 °C. Ападкаў 100—150 мм за год. Разрэджаная эфемерная і палынова-кусцікавая расліннасць, па далінах часовых вадацёкаў зараснікі тамарыску. Качавая жывёлагадоўля.

т. 14, с. 414

СІРЫНГАМІЭЛІ́Я [ад грэч. syrinx (syringos) трубка, трубчастая поласць + myelos мозг],

хранічная хвароба нерв. сістэмы з пераважным пашкоджаннем спіннога мозга. Характарызуецца разрастаннем гліі і ўтварэннем поласцей у шэрым рэчыве. Найчасцей выяўляецца пасля траўмаў, інфекцый і інш. Тыповая праява С. — пакутлівы боль (звычайна з аднаго боку ў вобласці верхніх канечнасцей, шыі, лапаткі). Прыкметы: расстройствы болевай і тэмпературнай адчувальнасці, парэзы, паралічы, атрафія мышцаў рук, ног. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.

т. 14, с. 414