СІРЫНГАМІЭЛІ́Я [ад грэч. syrinx (syringos) трубка, трубчастая поласць + myelos мозг],
хранічная хвароба нерв. сістэмы з пераважным пашкоджаннем спіннога мозга. Характарызуецца разрастаннем гліі і ўтварэннем поласцей у шэрым рэчыве. Найчасцей выяўляецца пасля траўмаў, інфекцый і інш. Тыповая праява С. — пакутлівы боль (звычайна з аднаго боку ў вобласці верхніх канечнасцей, шыі, лапаткі). Прыкметы: расстройствы болевай і тэмпературнай адчувальнасці, парэзы, паралічы, атрафія мышцаў рук, ног. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)