СІ́МАНАЎ (Сяргей Гаўрылавіч) (4.10.1894, в. Фядотава Уладзімірскай вобл., Расія — 1986),
савецкі канструктар стралк. зброі. Герой Сац. Працы (1954). Засл. вынаходнік РСФСР (1964). З 1929 на кулямётным з-дзе (нач. цэха, канструктар, кіраўнік эксперым. майстэрні). Сканструяваў ручны кулямёт і 15-зарадную аўтам. вінтоўку, якая была прынята на ўзбраенне ў 1936. Стварыў 14,5-міліметровае процітанкавае самазараднае ружжо (1941), самазарадны карабін (1945). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949.
т. 14, с. 383
СІ́МАНАЎ Юрый Іванавіч (н. 4.3.1941, г. Саратаў, Расія); расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965, 1968). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. У 1985—89 маст. кіраўнік і гал. дырыжор арганізаванага ім Дзярж. Малога сімф. аркестра СССР. Адначасова ў 1978—91 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1985 праф.). З 1994 муз. дырэктар Бельгійскага нац. аркестра, пастаянны запрошаны дырыжор аркестра Венгрыі. З 1998 узначальвае Акад. сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі. Сярод пастановак у Вял. т-ры: оперы «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пскавіцянка» М Рымскага-Корсакава, «Золата Рэйна» Р.Вагнера, «Так робяць усе» В.А.Моцарта, «Замак герцага Сіняя Барада» Б.Бартака, балеты «Пятрушка» і «Жар-птушка» І.Стравінскага, «Ганна Карэніна» Р.Шчадрына, «Залаты век» Дз.Шастаковіча. Ставіў оперы ў т-ры «Ковент-Гардэн» і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурса аркестравых дырыжораў (1968, Рым).
Л.А.Шымановіч.
т. 14, с. 383
СІМАНЕ́НКА (Васіль Андрэевіч) (8.1.1935, с. Біеўцы Палтаўскай вобл., Украіна — 14.12.1963),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Друкаваўся з 1962. Аўтар зб-каў вершаў «Цішыня і гром» (1962), «Зямное прыцяжэнне» (апубл. 1964), «Вершы» (апубл. 1966), «Лебедзі мацярынства» (апубл. 1981), зб. апавяд. «Віно з руж» (апубл. 1965). Пісаў нарысы, публіцыст. артыкулы, вершы для дзяцей. Паэзія С. адметная лірызмам, гуманіст. пафасам. На бел. мову асобныя вершы С. пераклалі Д.Бічэль-Загнетава, С.Законнікаў, М.Мінчанка, В.Рагойша, М.Федзюковіч, У.Шахавец.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983.
т. 14, с. 383
СІ́МАНІЧЫ,
вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Свінавод. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 22 км на ПнЗ ад г.п. Лельчыцы, 229 км ад Гомеля, 75 км ад чыг. ст. Ельск. 907 ж., 338 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Богаяўленская царква. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 14, с. 383
СІМАНО́ВІЧ (Давід Рыгоравіч) (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Избранное. Мн., 1995;
Солнечный хмель. Мн., 1982;
Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;
Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;
Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.
т. 14, с. 383
СІМАНО́ЎСКІ (Іосіф Бенцыянавіч) (24.4.1892, г Бабруйск Магілёўскай вобл. — 8.10.1967),
бел. бібліятэказнавец, бібліёграф, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1957). Скончыў Бернскі ун-т (1914; Швейцарыя). У 1918—21 заг. Бабруйскай гар. б-кі. У 1922—37, 1944—61 дырэктар Дзярж. б-кі БССР імя Леніна, у 1937—41 — Навук. мед. б-кі Беларусі. Выкладаў у Маскоўскім бібліятэчным (1942—44) і Мінскім пед. (1944—57) ін-тах. Аўтар прац па тэорыі і методыцы бібліятэказнаўства. На бел. мову перакладаў творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, на рус. — Э.Верхарна.
Тв.:
Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965.
т. 14, с. 383
СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),
у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.
т. 14, с. 383
СІМБІЁЗ (ад грэч. symbiōsis сумеснае жыццё),
сумеснае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных сістэматычных груп. Тэрмін увёў ням. батанік Г.А. дэ Бары (1879). Бывае аблігатны С., калі 1 з арганізмаў (ці 2) знаходзяцца ў цеснай залежнасці ад другога і самастойнае існаванне немагчыма, і факультатыўны С. — калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа жыць самастойна. Па характары адносін паміж партнёрамі выдзяляюць тыпы (формы) С.: каменсалізм, мутуалізм, паразітызм. Паміж імі магчымы пераходы, шэраг градацый і пераходных станаў.
Асновай для ўзнікнення С. могуць быць трафічныя (кармленне аднаго з партнёраў за кошт другога нявыкарыстанымі рэшткамі корму, прадуктамі стрававання або яго тканкамі), прасторавыя (пасяленне на паверхні або ўнутры цела другога, сумеснае выкарыстанне норак, домікаў, ракавін) і інш. тыпы ўзаемаадносін. С. можа быць на ўзроўні шматклетачных арганізмаў і асобных клетак (унутрыклетачны С.). У адносіны С. могуць уступаць расліны з раслінамі, расліны з жывёламі, жывёлы з жывёламі, расліны і жывёлы з мікраарганізмамі, мікраарганізмы з мікраарганізмамі.
т. 14, с. 383
СІМБІ́РЦАЎ (Васіль Мікалаевіч) (14.1.1901, С.-Пецярбург — 1982),
расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1975). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). Выкладаў у Валгаградскім ін-це інжынераў гар. гаспадаркі (1955—59). Удзельнік пасляваен. аднаўлення і буд-ва Валгаграда (гал. архітэктар у 1944—59), праектавання яго асобных раёнаў і збудаванняў (Алея герояў, пл. Паўшых змагароў і інш., усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў праектаў будынка Т-ра Сав. Арміі ў Маскве (пабудаваны ў 1934—40), забудовы жылога раёна Другая Рэчка ва Уладзівастоку (1960-я г.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 14, с. 383
СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),
універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.Шэлінг, Ф.Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.Г.Юнг). Ням. філосаф Э.Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).
В.М.Пешкаў.
т. 14, с. 383