СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),

у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)