Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАГЕРА́КСКАЯ БІ́ТВА 1916,

гл. ў арт. Ютландская бітва 1916.

т. 14, с. 431

СКАДА́РСКАЕ ВО́ЗЕРА, Шкодэр,

возера ў Югаславіі (Чарнагорыі) і Албаніі, самае вял. на Балканскім п-ве. Пл. 356—388 км² (мяняецца па сезонах). Глыб. да 44 м. Сцёк па р. Буна ў Адрыятычнае м. Усх. і паўн. берагі нізкія, зах. і паўд.-зах. гарыстыя. Суднаходства. Рыбалоўства. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа г. Шкодэр (Албанія).

т. 14, с. 431

СКАЗ,

1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.

Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.

Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.​Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.

2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням. муз.-тэарэт. школы (Г.​Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Гл. да арт. Форма музычная.

Л.​І.​Бурак (мовазнаўства).

т. 14, с. 431

«СКАЗА́ННЕ ПРА БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,

адзін з найб. ранніх помнікаў стараж,рус. агіяграфічнай л-ры. Створана невядомым аўтарам у канцы 11 ст. (паводле інш. меркаванняў, у пач. 12 ст.). Захавалася больш чым у 170 спісах. Адносіцца да жыцій-марцірый (ад грэч. marturos сведка, пакутнік).

У аснову «Сказання...» пакладзены драм. эпізод забойства сыноў кіеўскага князя Уладзіміра Барыса і Глеба іх братам Святаполкам. У адрозненне ад кананічнай формы візант. жыція, не гаворыцца пра іх імкненне прысвяціць сябе служэнню Богу і г.д. Паводле агіяграфічнага канона, вызначаецца ўмоўнасцю сюжэтных сітуацый, рытарычнасцю, этыкетнасцю паводзін і моўных формул персанажаў. Характарыстыкі гал. герояў схематычныя, пазбаўлены яркіх індывідуальных рыс. Разам з тым аўтар тонка перадаў псіхал. стан Барыса і Глеба перад забойствам, імкнуўся да дакладнага абазначэння падзей і фактаў (згадаў гіст. мясціны і імёны), надаў твору выключную эмацыянальнасць. Вял. месца ў «Сказанні...» займаюць унутраныя маналогі, плачы, ёсць вытрымкі са Свяшчэннага пісання.

«Сказанне...» — твор тэндэнцыйны: у ім асуджаецца братазабойства. сцвярджаюцца ідэі родавага старшынства (з мэтай узмацнення паліт. адзінства ўсх.-слав. зямель), паліт. і рэліг. незалежнасці Русі. Сюжэт «Сказання...» карыстаўся вял. папулярнасцю. Вядома каля 255 спісаў помнікаў пра Барыса і Глеба, у т. л. «Чытанне пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», Нестара, «Жыціе Барыса і Глеба» і інш. Пытанні пра іх узаемадзеянне і храналогію складаныя і не высветлены. «Сказанне...» было добра вядома на Беларусі. Бытавала ў складзе пралогаў, чэццяў-міней і інш. зборнікаў. Адзін са спісаў твора захаваўся ў Чэцці 1489. Сюжэт «Сказання...» выкарыстаны ў п’есе «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», што ставілася ў Полацку (каля 1693).

Публ.: Памятники литературы древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.

Літ.:

Абрамович Д.И. Жития святых мучеников Бориса и Глеба и службы им. Пг., 1916;

Бугославский С. Українськоруські пам’ятки XI—XVIII вв. про князів Бориса та Гліба. Київ, 1928;

Воронин Н.Н. «Анонимное» сказание о Борисе и Глебе, его время, стиль и автор // Тр. Отд. древнерусской литературы. М., 1957. Т. 13;

Еремин И.П. «Сказание» о Борисе и Глебе // Еремин И.П. Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;

Словарь книжников и книжности древней Руси. Л., 1987. Вып. 1. С. 398—108.

У.​Г.​Кароткі.

т. 14, с. 431

«СКАЗА́ННЕ ПРА ВІ́ЛЕНСКІХ ПАКУ́ТНІКАЎ ІАА́НА, АНТО́НІЯ, ЯЎСТА́ФІЯ», «Жыціе віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ. кн. Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).

Літ.:

Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 14, с. 431

«СКАЗА́ННЕ ПРА МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

гл. «Мамаева пабоішча».

т. 14, с. 432

«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,

помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.

Публ.: Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

У.​М.​Свяжыпскі.

т. 14, с. 432

СКА́ЗКІН (Сяргей Данілавіч) (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),

савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АН СССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр. адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;

Избранные труды по истории. М., 1973;

Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.

С.Д.Сказкін.

т. 14, с. 432

«СКА́ЙЛЭБ»

(англ. Skylab ад sky laboratory нябесная лабараторыя),

амерыканская эксперыментальная арбітальная станцыя для палёту па каляземнай арбіце; таксама праграма яе распрацоўкі, запуску і эксплуатацыі. Прызначалася для вывучэння ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека ў час працяглых касм. палётаў, правядзення навук.-тэхн. і тэхнал. эксперыментаў, даследаванняў Сонца, прыродных рэсурсаў Зямлі і інш. Выведзена на арбіту 14.5.1973 ракетай-носьбітам «Сатурн-5» (без экіпажа). Маса 77 т, даўжыня 25 м. Аб’ём жылых адсекаў каля 340 м³.

Станцыя складалася з асн. блока (лабараторны і бытавы адсекі). прыборнага адсека, шлюзавай камеры (забяспечвала выхад касманаўтаў у адкрыты космас), прычальнай канструкцыі з асн. і рэзервовым стыковачнымі вузламі і платформы з комплексам астр. прылад. Не прызначалася для вяртання на Зямлю, дастаўка і змена экіпажаў праводзіліся пры дапамозе трансп. касм. карабля «Апалон»У 1973—74 на станцыі працавалі 3 экіпажы касманаўтаў (па 3 чал). Макс. працягласць палёту 84 сут. З лютага 1974 у аўтам. рэжыме, 9.7.1979 спыніла існаванне. Іл. гл. да арт. Арбітальная станцыя.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 432

СКАКУ́Н (Аляксей Сцяпанавіч) (н. 1.3.1946, в. Дастоева Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1987). Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1995). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1969). З 1973 нам. старшыні, з 1975 старшыня калгаса. З 1979 нач. с.-г. ўпраўлення Іванаўскага р-на, з 1982 старшыня с.-г. калектыўнага прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на. Навук. працы па праблемах аграпрамысл. эканомікі, агародніцтва, рэнтабельнасці с.-г. прадпрыемстваў, АПК ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.

Тв.:

Ориентир — новые высоты. Мн., 1986;

Деревенская политэкономия. М., 1990;

Дорога в завтра: Колхоз-комбинат «Память Ильича». Мн., 1992;

Реструктуризация убыточных хозяйств — веление времени // Бел. думка. 1999. №11 /12;

Право на жизнь. Мн., 2001.

т. 14, с. 432