СКАЗ,
1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.
Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.
Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.
2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням. муз.-тэарэт. школы (Г.Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Гл. да арт. Форма музычная.
Л.І.Бурак (мовазнаўства).
т. 14, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)