Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУХІ́РНІК (Cucubalus),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.

В.​М.​Прохараў.

Пухірнік ягадны.

т. 13, с. 133

ПУХІРЧА́ТКА,

хвароба з групы дэрматозаў, асн. прыкмета якой — утварэнне пухіроў на скуры і слізістых абалонках. Пухіры хутка павялічваюцца, лопаюцца і ўтвараюць вял. паверхні з язвамі. Адрозніваюць П. сапраўдную (аканталітычную, з дэгенератыўнымі зменамі клетак эпідэрмісу скуры) і неаканталітычную (пухіры ўтвараюцца ў выніку запаленчага працэсу). Сапраўдная П. — хранічная хвароба, пры якой парушаецца сувязь паміж слаямі эпідэрмісу. Да клінічных форм сапраўднай П. адносяцца звычайная, вегетуючая, лістападобная, эрытэматозная. Бывае таксама П. лепрозная, нованароджаных (эпідэмічная і сіфілітычная). Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 13, с. 133

ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,

паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 133

ПУ́ХТА ((Puchta) Георг Фрыдрых) (31.8.1798, г. Кадальцбург, Германія — 8.1.1846),

нямецкі юрыст, паслядоўнік Ф.К.Савіньі, прадстаўнік гістарычнай школы права. Выкладаў права ва ун-тах Германіі, да канца жыцця быў праф. Берлінскага ун-та, дзярж. саветнікам і членам камісіі па рэформе заканадаўства Прусіі. Працы П. прысвечаны гісторыі рымскага права, а таксама цывільнаму і звычаёваму праву. Дзяржаву і права разглядаў як параджэнне містычнага «народнага духу», асн. задачу юрыстаў бачыў у пагадненні права з «развіццём народа», перасцерагаў супраць «раптоўнага» (рэвалюцыйнага) абнаўлення феад. заканадаўства Германіі.

т. 13, с. 134