НЕ́РВІ ((Nervi) П’ер Луіджы) (21.6.1891, г. Сондрыо, Італія — 9.1.1979),
італьянскі інжынер і архітэктар; стваральнік жалезабетонных канструкцый. Вучыўся ва ун-це Балонні (1908—13). З 1946 выкладаў ва ун-це ў Рыме. Для яго творчасці характэрны эксперыменты з буд. матэрыяламі і канструкцыямі, пошукі спецыфічнай для іх маст. выразнасці. У структуры збудаванняў дамагаўся выразнасці прасторавай кампазіцыі (стадыён у Фларэнцыі, 1929—32), распрацоўваў канстр. сістэму зборных вялікапралётных скляпенняў з ромбападобных жалезабетонных звёнаў (ангары для самалётаў у Арвіета, Арбетэла, 1935—40). Сярод лепшых работ Н.: будынак ЮНЕСКА у Парыжы (1957, з М.Броерам і Б.Зерфюсам), 32-павярховы будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане (1956—60, з Дж.Понці), Палац працы ў Турыне (1961, з А.Нерві).
Літ.:
Иванова Е.К., Кацнельсон Р.А. П.Л.Нерви. М., 1968.
П.Л.Нерві. Выставачная зала Палаца працы ў Турыне. 1961.
кірунак у фізіялогіі і медыцыне, які разглядае ідэю аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі фізіял. функцый і працэсаў у арганізме жывёл і чалавека. Паняцце Н. уведзена І.П.Паўлавым (1883). Распрацоўка канцэпцыі звязана з імёнамі П.К.Анохіна, Л.А.Арбелі, К.Бернара, С.П.Боткіна, І.М.Сечанава, М.Я.Увядзенскага, А.А.Ухтамскага і інш. і значна паўплывала на развіццё фізіялогіі і медыцыны. Абсалютызацыя Ідэі Н. некат. фізіёлагамі прывяла да недаацэнкі інш. рэгулюючых сістэм. Лічыцца, што рэгуляцыя фізіял. функцый засноўваецца на каардынацыйным узаемадзеянні нерв. сістэмы і гумаральна-гарманальных фактараў. На Беларусі гэты кірунак распрацоўвалі А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, М.І.Грашчанкоў, Д.М.Голуб, В.М.Гурын, У.М.Калюноў, Д.А.Маркаў, У.У.Салтанаў і інш.
уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.
У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.
Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.
Літ.:
Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;
Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;
Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ.М., 1979.
комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.С.Леанцюк.
група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв.сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).
Літ.:
Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;
Марков Д.А Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;
Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т. Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.
сукупнасць лакалізаваных у нервовай сістэме нейронаў, якая прымае ўдзел у ажыццяўленні рэфлексу або функцыі арганізма. У склад Н.ц. ўваходзяць ад некалькіх нейронаў (напр., сардэчны ганглій ракападобных мае 9 нейронаў) да некалькіх тысяч і мільёнаў (напр., у высокаарганізаваных жывёл). Адрозніваюць Н.ц. ядзерныя, якія кампактна размешчаны ў восевай ч.нерв. сістэмы, падсумоўваюць масавую інфармацыю, і экранныя, сабраныя ў асобныя слаі, аналізуюць дыскрэтную інфармацыю. Нейроны Н.ц., звязаныя ўзбуджальнымі і тармазнымі сінапсамі, утвараюць складаныя комплексы, т. зв. нейронныя сеткі. У кожны Н.ц. па нерв. валокнах ад органаў пачуццяў або іншых Н.ц. паступае інфармацыя ў выглядзе імпульсаў нервовых, перапрацоўваецца і камандныя імпульсы пасылаюцца да іншых Н.ц. або перыферычных органаў. Каардынаваная дзейнасць Н.ц., якія ўваходзяць у іерархічную сістэму рэгуляцыі, забяспечвае дакладнае выкананне пэўнай складанай функцыі і яе прыстасавальны характар. Гл. таксама Нервовая сістэма.