НЕРВІ́ЗМ,
кірунак у фізіялогіі і медыцыне, які разглядае ідэю аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі фізіял. функцый і працэсаў у арганізме жывёл і чалавека. Паняцце Н. уведзена І.П.Паўлавым (1883). Распрацоўка канцэпцыі звязана з імёнамі П.К.Анохіна, Л.А.Арбелі, К.Бернара, С.П.Боткіна, І.М.Сечанава, М.Я.Увядзенскага, А.А.Ухтамскага і інш. і значна паўплывала на развіццё фізіялогіі і медыцыны. Абсалютызацыя Ідэі Н. некат. фізіёлагамі прывяла да недаацэнкі інш. рэгулюючых сістэм. Лічыцца, што рэгуляцыя фізіял. функцый засноўваецца на каардынацыйным узаемадзеянні нерв. сістэмы і гумаральна-гарманальных фактараў. На Беларусі гэты кірунак распрацоўвалі А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, М.І.Грашчанкоў, Д.М.Голуб, В.М.Гурын, У.М.Калюноў, Д.А.Маркаў, У.У.Салтанаў і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)