Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕАБХО́ДНАЯ ПРА́ЦА,

частка працы, якая затрачваецца на выпрацоўку неабходнага прадукту. Затраты працы на стварэнне неабходных жыццёвых сродкаў для забеспячэння асабістых запатрабаванняў работнікаў і членаў іх сем’яў з’яўляюцца важнай умовай вытв-сці. Другая частка працы — прыбавачная праца — затрачваецца на стварэнне дадатковага прадукту (звыш неабходнага для яго фонду жыццёвых сродкаў). Падзел працы на неабходную і прыбавачную ўзнік ва ўмовах, калі прадукц. сілы дасягнулі ўзроўню развіцця, які дазваляў вырабляць прадукт (тавар, вырабы і г.д.) у большым аб’ёме, чым патрабуецца для падтрымкі жыццядзейнасці работнікаў.

У.Р.Залатагораў.

т. 11, с. 251

НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,

умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».

У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.

т. 11, с. 251

НЕАБХО́ДНЫ ПРАДУ́КТ,

частка створанага работнікам прадукту, прызначаная для задавальнення жыццёвых патрэб непасрэдных вытворцаў і непрацуючых членаў іх сем’яў. Ствараецца на працягу неабходнага рабочага часу, пакрывае расходы на харчаванне, утрыманне жылля, задавальненне культ. і сац. патрэб і інш. На выпрацоўку Н.п. затрачваецца неабходная праца. Велічыня Н.п. вызначаецца ўзроўнем развіцця прадукцыйных сіл і прадукцыйнасці працы.

У.Р.Залатагораў.

т. 11, с. 251

НЕАБХО́ДНЫ РАБО́ЧЫ ЧАС,

частка рабочага часу, на працягу якога ў сферы матэрыяльнай вытв-сці ствараецца неабходны прадукт, што выкарыстоўваецца для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей работніка і членаў яго сям’і. Прац. дзень падзяляецца на 2 часткі. Адна з іх складае час, за які рабочы стварае эквівалент вартасці сваёй рабочай сілы (Н.р.ч.), а праца, затрачаная на яго, — неабходную працу. Другая частка прац. дня па-за межамі Н.р.ч. складае прыбавачны рабочы час, а затрачаная ў гэты час праца — прыбавачную працу. Н.р.ч. ствараецца эквівалент аплаты працы і частка грамадскіх фондаў спажывання (напр., затраты на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.). Развіццё грамадскай вытв-сці, рост прадукцыйнасці працы вядзе да скарачэння Н.р.ч.

У.Р.Залатагораў.

т. 11, с. 251

НЕАВІТАЛІ́ЗМ,

ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл. Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр. М., 1983;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 251

НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.Керды, Т.Х.Грын, Б.Бозанкет, Дж.Э.Мак-Тагарт, Р.Дж.Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.Коген, В.Дзільтэй, Р.Кронер, Г.Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.Герынг, Т.Літ, Ю.Біндэр, Г.Ласан, А.Ліберт, Ф.Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.Валь, А.Кажэў, Ж.Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.В.Катляроў.

т. 11, с. 251

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т.л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.В.Якубоўская.

т. 11, с. 252

НЕАГЕ́Я (ад неа... + грэч. gē зямля),

біягеаграфічнае царства сушы, што займае Цэнтр. і Паўд. Амерыку і прылеглыя астравы. У Н. вылучаюць Карыбскую біягеаграфічную вобласць і Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Расліннасць разнастайная, ад вільготных трапічных лясоў (гілеі) да ксерафітаў у пустынях. Для фауны характэрна малая колькасць сумчатых і парнакапытных, вял. разнастайнасць птушак і плацэнтарных млекакормячых. Шмат эндэмічных сям. і родаў.

т. 11, с. 252

НЕАГО́ТЫКА (ад неа... + готыка),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераасэнсоўваў гіст. формы стылю готыкі ў рэчышчы стылю мадэрн.

В.М.Чарнатаў.

т. 11, с. 252

НЕАДАРВІНІ́ЗМ,

эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 252