НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.​Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.​Керды, Т.​Х.​Грын, Б.​Бозанкет, Дж.​Э.​Мак-Тагарт, Р.​Дж.​Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.​Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.​Коген, В.Дзільтэй, Р.​Кронер, Г.​Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.​Герынг, Т.​Літ, Ю.​Біндэр, Г.​Ласан, А.​Ліберт, Ф.​Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.​Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.​Валь, А.​Кажэў, Ж.​Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)