Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУСКАВІ́Т (англ. muscovite ад Muscovy Масковія — стараж назва Расіі, адкуль М. быў завезены ў краіны Еўропы),

мінерал групы слюд, складаны гідраксідалюмасілікат калію, KAl2[AlSi3O10](OH, F)2. Крышталізуецца ў манакліннай, зрэдку трыганальнай сінганіях. Утварае кароткаслупкаватыя і пласціністыя крышталі, ліставатыя, лускаватыя і інш. агрэгаты. У тонкіх пласцінах бясколерны, у больш тоўстых набывае шэрае, ружаватае, жаўтаватае, зеленаватае адценні. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці перламутравы і серабрысты. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см5. Магматычнага і метамарфічнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў буд., хім., гумаватэхн., фарфоравай, электра- і радыёпрамысловасці.

т. 11, с. 38

МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,

насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.

У.П.Пярэднеў.

Мускатны арэх.

т. 11, с. 38

МУ́СКУЛЫ,

тое, што мышцы.

т. 11, с. 38

МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),

прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.

Жывёльны М., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв. нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).

Да арт. Мускус. Структурныя формулы: 1 — мускону; 2 — амбрэталіду; 3 — тыбеталіду; 4 — мускусу амбравага.

т. 11, с. 38

МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДА качак,

мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).

Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.

Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.

Мускусная парода качак (1 — качка; 2 — качар).

т. 11, с. 38

МУ́СКУСНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

відазмененыя скурныя залозы некаторых паўзуноў і млекакормячых, якія выпрацоўваюць мускус. Пах М.з. служыць для прываблівання асобін інш. полу і маркіроўкі занятай жывёлай тэрыторыі. Размяшчаюцца ў вобласці ніжняй сківіцы, клаакі (напр., кракадзіл, гатэрыя), у пахвіннай вобласці (напр., аўцабык, бабёр, кабарга), на хвасце (напр., хахуля).

т. 11, с. 39

МУ́СКУСНЫ БЫК,

гл Аўцабык.

т. 11, с. 39

МУ́СКУСНЫ ПАЦУ́К,

гл. Андатра.

т. 11, с. 39

МУСНІ́ЦКІ ((Muśnicki) Нікодам) (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),

польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.

А.В.Мальдзіс.

т. 11, с. 39

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39