Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУКАСЕ́Й (Анатоль Міхайлавіч) (н. 26.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Працаваў на Ленінградскай студыі кінахронікі, з 1963 на кінастудыі «Масфільм». Зняў маст. фільмы «Дайце кнігу скаргаў» (1965) і «Сцеражыся аўтамабіля» (1966; абодва з У.Нахабцавым), «Марскія апавяданні» (1967), «Увага, чарапаха!» (1970), «Аповесць пра чалавечае сэрца» (1976), «Чучала» (1984); тэлефільмы «Нос» (1977), «Па сямейных абставінах» (1978), «Сватаўство гусара» (1979), «Дульсінея Табоская» (1980), «Прынцэса цырка» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 11, с. 21

МУКА́ЧАВА,

горад, цэнтр раёна ў Закарпацкай вобл. Украіны, каля падножжа Карпат, на р. Латарыца (бас. р. Ціса). Вядомы з 1196. 90 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчасмакавая; з-ды станка- і прыладабудаўнічы, камплектных лабараторый, мэблевы камбінат. Тэатр. Замак «Паланок» (14—18 ст.), гатычная капліца (14 ст.), арсенал (17 ст., гіст.-краязнаўчы музей), т. зв. Белы дом (17—18 ст.), ансамбль Нікольскага жаночага манастыра (14—18 ст.) і інш.

т. 11, с. 21

МУКВЯ́ЦІЦА,

ручай у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ужыца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Муквяціца. Цячэ на паўн. ч. Полацкай нізіны. Рэчышча на працягу 3,6 км ад вытоку каналізаванае.

т. 11, с. 21

МУКДЫ́ША (Muqdisho),

адна з назваў г. Магадыша ў Самалі.

т. 11, с. 21

МУКДЭ́Н,

назва да 1945 г. Шэньян у Кітаі.

т. 11, с. 21

МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,

наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Савдэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905).

т. 11, с. 21

МУКІМІ́ (Мухамад Амін-хаджа) (1.5.1851, г. Каканд, Узбекістан — 25.5.1903),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ Каканда, Бухары, Ташкента. Паэт. спадчына М. жанрава разнастайная (газелі, мухамас, рубаі і інш.), прасякнута сац. зместам. Пачынальнік новага жанру ў узб. л-ры — дарожных нататкаў. У вершаваным «Апісанні падарожжаў» паказаў багацце прыроды, а таксама сац. кантрасты ў краіне. Яго творы адметныя надзённасцю тэм, дакладнасцю характарыстык, выразнасцю маст. сродкаў, лаканізмам, музычнасцю мовы. Вершаваныя і празаічныя лісты М. да сяброў — пачатак эпісталярнага стылю ў нац. л-ры.

Тв.:

Рус пер. — Избранное. Ташкент, 1958.

т. 11, с. 21

МУКЛЕ́ВІЧ (Рамуальд Адамавіч) (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ. ваен. камісар (ліп.жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл. РВС Заходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМС РСЧА. З 1934 нач. Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл. ЦВК БССР і ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВК СССР (1925—31), чл. РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.

Э.А.Карніловіч.

т. 11, с. 21

МУКРАНІ́ ПАЎСТА́ННЕ 1871—72,

антыфранцузскае паўстанне араб. і кабільскіх плямён Алжыра. Пачалося ў крас. 1871 у акрузе Меджана. Пад кіраўніцтвам Сі аль-Хадж Мухамеда Мукрані паўстанцы авалодалі б.ч. Усх. Алжыра. Пасля гібелі Мукрані 5.5.1871 барацьбу ўзначаліў яго брат Ахмед Бу Мезраг. Да ліп. 1871 асн. сілы паўстанцаў былі разбіты франц. войскамі, канчаткова паўстанне задушана ў студз. 1872.

т. 11, с. 21

МУКСУ́Н (Coregonus muksun),

паўпрахадная рыба роду сігаў сям. ласосяў. Пашыраны ў апрэсненых і прыбярэжных водах Паўн. Ледавітага ак., нерастуе ў рэках Сібіры. На п-ве Таймыр жыве азёрная форма.

Даўж. да 75 см, маса да 8, зрэдку да 13 кг. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Корміцца пераважна заабентасам, ракападобнымі, зрэдку рыбай. Нераст не кожны год. Аб’ект промыслу і развядзення.

Муксун.

т. 11, с. 21