МАТА́НСАС (Matanzas),
горад на Пн Кубы, у бухце Матансас Атлантычнага ак. Адм. ц. правінцыі Матансас. Засн. ў 1693. 120 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел, порт (вываз цукру). Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цукр. трыснёг, хенекен, садавіна і інш.). Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, маш.-буд., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, угнаенняў, штучнага валакна), харчасмакавая, вытв-сць тытуню, буд. матэрыялаў. Каля М. карставыя пячоры Бельямар. Археал. музей. Турызм.
т. 10, с. 204
МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),
двухколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.
т. 10, с. 204
МАТАЦЫКЛЕ́ТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхн. відаў спорту. Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўж. 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўж. 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да М.с. адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне. М.с. найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Швецыі і інш. Міжнар. федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904.
Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 у Вялікабрытаніі. там жа ў 1913 — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 у Паўд. Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. З пач. 1920-х г. арганізаваны іпадромныя і з 1930-х г. — трэкавыя гонкі на лёдзе. Першыя афіц. мотагонкі ў Расіі адбыліся ў 1898, у СССР — у 1924. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).
На Беларусі М.с. пашыраны з 1930. Федэрацыя мотаспорту, мотакросу і велакросу Беларусі існуе з 1992, Федэрацыя матацыклістаў Беларусі — з 1997. Спартсмены Беларусі — чэмпіёны СССР — Э.Лявонаў (1960), А.Лук’янчык (1963), Л.Варановіч (1964), Г.Гладкі (1970). Праводзяцца чэмпіянаты Беларусі, мотакросы на прызы імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца, Герояў Савецкага Саюза Дз.І.Гарбунова, М.Ф.Гастэлы, К.С.Заслонава, Дз.М.Карбышава, М.П.Шмырова і інш.
т. 10, с. 204
МА́ТАЧНАЕ МАЛАЧКО́,
сакрэт слінных залоз маладых рабочых пчол (карміцелек); пастападобная белая маса са спецыфічным пахам і вострым горка-кіслым смакам. Сухое рэчыва мае 40—58% бялку, 5—18% тлушчу, каля 26% цукру, 2,3—3,3% мінер. солей, вітаміны і інш. біялагічна актыўныя рэчывы, якія вызначаюць развіццё лічынак і яечнікаў маткі. Пчолы кормяць М.м. лічынак матак увесь перыяд іх развіцця (5 сут), лічынак рабочых пчол і трутняў першыя 3 сут, матку ў перыяд яйцакладкі (вясна і лета). Прэпарат з М.м. (апілак) выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі.
т. 10, с. 204
МА́ТАЧНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, якія стымулююць скарачэнне гладкай мускулатуры маткі. Выкарыстоўваюцца ў акушэрстве і гінекалогіі пры матачных крывацёках, перапыненні цяжарнасці ці штучным выкліканні родаў, для ўзмацнення схватак пры родах і інш. М.с., якія найб. уплываюць на скарачальную функцыю маткі, падзяляюць на 3 групы: гармоны (оксітацын, пітуітрын і інш.); простагландзіны; прэпараты з экстракту спарынні (эргатал, эргаметрын, метылэргаметрын — забаронены пры цяжарнасці і родах). М.с. атрымліваюць пераважна сінтэтычна.
Ю.К.Малевіч.
т. 10, с. 204
МА́ТАЧЧЫН ШАР,
праліў паміж Паўн. і Паўд. астравамі Новай Зямлі (Расія). Злучае Баранцава і Карскае м. Даўж. 98 км, найменшая шыр. каля 600 м, глыб. 12 м. Берагі высокія, месцамі стромкія. Большую ч. года праліў укрыты лёдам.
т. 10, с. 204
МА́ТКА (лац. uterus, metria),
палавы орган самак жывёл і жанчын. Уяўляе сабой расшыраную ч. яйцавода (полы мешка- ці каналападобны мышачны орган). У час цяжарнасці служыць для развіцця аплодненай яйцаклеткі, выношвання плода і плодавыгнання (родаў). Ёсць у некат. чарвей, членістаногіх, малюскаў, з пазваночных — у храстковых рыб, земнаводных, большасці паўзуноў і ў млекакормячых. У яйцародных жывёл (птушкі, паўзуны) у М. часова размяшчаюцца спелыя яйцы. Бывае парная (напр., у клаачных і сумчатых), двайная (у некат. грызуноў, сланоў і інш.), двухраздзельная (у некат. грызуноў, драпежнікаў, жвачных, свіней), двухрогая (у млекакормячых, многіх драпежнікаў, насякомаедных, кітападобных, парна- і няпарнакапытных), простая (у большасці рукакрылых, прыматаў і чалавека). У чалавека М. — дзетародны орган, размешчаны ў поласці малога таза жанчыны паміж прамой кішкай і мачавым пузыром. Мае дно, цела, шыйку, якая ахоплена похвай. Сценкі М. ўтвараюцца трыма абалонкамі: слізістай, мышачнай і серознай. Слізістая абалонка М. цыклічна зменьваецца (менструальны цыкл). М. забяспечваецца крывёю матачнымі артэрыямі, інервуецца галінамі матачнага нерв. спляцення.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 205
«МАТЛО́Т»,
«Матлёт» (франц. matelote ад matelot матрос), бел. гарадскі бытавы танец. Паходзіць ад франц. матроскага танца, блізкага да англ. жыгі. Муз. памер 2/4 або 2/2. Выконваецца ў жвавым тэмпе з характэрнымі прыстукваннямі, элементамі чачоткі. На пач. 19 ст. пашыраны як характарны і жанравы, у пач. 20 ст. шырока вядомы як эстрадны і бальны танец. Зафіксаваны па ўсёй Беларусі. На Віцебшчыне танцоры выконваюць асн. комплекс рухаў і заканчваюць танец паваротамі і полькай па крузе, у Докшыцкім р-не суправаджаецца прыпеўкамі.
Л.К.Алексютовіч.
т. 10, с. 205
МАТО́РНАЕ МА́СЛА,
нафтавае ці сінт. змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.
Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.
т. 10, с. 205