Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-ва бел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т.л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.Галкоўскага), С.Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.Александровіча, М.Васілька, П.Галавача, Х.Ільяшэвіча, М.Машары, М.Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.

А.С.Ліс.

Вокладка часопіса «Маладая Беларусь» 1936.

т. 9, с. 550

«МАЛАДА́Я ГВА́РДЫЯ»,

падпольная камсамольска-маладзёжная арг-цыя, якая дзейнічала ў час Вял. Айч. вайны ў акупіраваным ням.-фаш. арміяй г. Краснадон (Луганская вобл., Украіна) у кастр. 1942 — лют. 1943. Аб’ядноўвала каля 100 чал. Мела штаб, які ўзначальвалі камандзір І.В.Туркеніч і камісар А.В.Кашавой. Маладагвардзейцы выпускалі і распаўсюджвалі лістоўкі, вызвалялі ваеннапалонных, што знаходзіліся ў канцлагеры і ў бальніцы, выратоўвалі краснадонцаў ад гвалтоўнага вывазу на работу ў Германію, удзельнічалі ў канфіскацыі і знішчэнні маёмасці акупантаў, рыхтавалі ўзбр. паўстанне да прыходу Чырв. Арміі і інш. У пач. 1943 акупантам і паліцыі ўдалося раскрыць арг-цыю. Загінула больш за 80 чал., 5 з іх пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Подзвіг герояў патрыятычнага падполля адлюстраваны ў рамане А.А.Фадзеева «Маладая гвардыя».

т. 9, с. 550

«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,

тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.

т. 9, с. 550

«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»

(«Young Ireland»),

палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ. калан. ўладамі, прапагандавала ірл. нац. культуру. Лідэры — Ч.Дафі, Т.Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл. нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.

т. 9, с. 551

«МАЛАДА́Я ІТА́ЛІЯ»

(«Giovine Italia»),

тайная паліт. арг-цыя ў Італіі перыяду Рысарджымента; першая агульнаітальян. рэв. арг-цыя. Засн. ў ліп. 1831 Дж.Мадзіні ў асяроддзі італьян. эмігрантаў у г. Марсель (Францыя). Мела на мэце рэв. шляхам ліквідаваць раздробленасць Італіі і аб’яднаць яе ў адзіную (унітарную) дзяржаву са сталіцай у Рыме. У 1831—33 стварыла свае тайныя ячэйкі ва ўсіх тагачасных італьян. дзяржавах (найб. у Сардзінскім каралеўстве, Ламбардыі, Таскане і Папскай дзяржаве), нелегальна распаўсюджвала сярод італьянцаў час. «La Giovine Italia» («Маладая Італія», друкаваўся з 1831 у Марселі) і інш. рэв.-прапагандысцкія выданні. Пасля няўдалых спроб узняць паўстанні ў Сардзінскім каралеўстве (1833—34) часова спыніла дзейнасць; адноўлена вясной 1840. У сак. 1848 у Парыжы рэарганізавана Мадзіні ў «Італьян. нац. асацыяцыю».

т. 9, с. 551

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая існавала ў 1834—36 у Швейцарыі. Засн. ў г. Берн групай польск. карбанарыяў, была звязана з арг-цыяй «Маладая Еўропа». Выступала супраць сістэмы Свяшчэннага саюза, з дапамогай сваіх эмісараў вяла прапагандысцкую дзейнасць у Польшчы пад лозунгамі незалежнасці краіны, надання паліт. правоў усім яе грамадзянам, ажыццяўлення радыкальных сац. рэформ. Пазней «М.П.» ўзначаліў І.Лялевель, сярод інш. дзеячаў Ш.Канарскі, К.Стольцман, Ф.Навасельскі, К.Залеўскі. Дзейнасцю арг-цыі ў Польшчы кіраваў створаны ў 1835 у Бруселі тайны «Саюз дзяцей польскага народа». Пасля 1836 чл. «М.П.» перайшлі ў арг-цыю «Аб’яднанне польскай эміграцыі» і ў Польскае дэмакратычнае таварыства.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 551

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

назва перыяду ў развіцці польскай л-ры і мастацтва 1890—1918. У дачыненні да л-ры ўжываюць таксама тэрміны «мадэрнізм», «неарамантызм», якія абагульняюць разнастайныя плыні і тэндэнцыі, характэрныя для гэтай эпохі (натуралізм, сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш.). Эстэтыка і паэтыка «М.П.» супрацьстаялі папярэдняму перыяду — пазітывізму і фарміраваліся пад уплывам філас. ідэй А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, А.Бергсона, а таксама зах.-еўрап. нерэалістычнай л-ры канца 19 ст. і традыцыі нац. рамантызму (пераважна Ю.Славацкага). 1-ы этап развіцця «М.П.» (1890—1907) вызначаецца з’яўленнем маніфестаў, у якіх сцвярджаюцца прынцыпы дэкадэнцкага мастацтва (артыкулы 3. Пшасмыцкага, С.Пшыбышэўскага). Гэтыя праграмы падвяргаліся крытыцы, якая ўзмацнілася ў час 2-га этапа (1907—18). Адметнай рысай літ. свядомасці пасля 1907 стаў культ жыцця (С.Выспянскі, Л.Стаф) у процівагу дэкадэнцкаму настрою адзіноты і бязвыхаднасці. Паэзія «М.П.» прадстаўлена творамі Я.Каспровіча, К.Тэтмаера, Т.Міцінскага, Стафа, Б.Лесьмяна і інш., проза — Пшыбышэўскага, Міцінскага, С.Жаромскага, В.Рэйманта, В.Оркана і інш., драматургія Выспянскага, Г.Запольскай, В.Пежынскага, Т.Рытнера, К.Раствароўскага, Я.Леманскага, А.Навачынскага, Т.Бой-Жаленскага і інш. Развіццё пластычных мастацтваў у рэчышчы «М.П.» вызначалася суіснаваннем розных стылявых плыняў: імпрэсіянізму (жывапісцы Ю.Панкевіч, Л.Вычулкоўскі, Я.Станіслаўскі), сімвалізму (жывапісцы Ф.Рушчыц, Я.Мальчэўскі), мадэрну (жывапісцы і графікі Выспянскі, Ю.Мехофер, В.Вайткевіч, К.Фрыч). Архітэктура выкарыстоўвала матывы драўлянага дойлідства (С.Віткевіч), стыль мадэрн набываў у ёй нац.-рамант. афарбоўку (Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі). Пад уплывам імпрэсіянізму і мадэрну адбываўся ўздым скульптуры (К.Ляшка, В.Шыманоўскі, К.Дунікоўскі). Атрымала развіццё дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Młoda Polska: Antologia. 6 wyd. Warszawa, 1963;

Literatura okresu Młodej Polski. T. 1—3. Warszawa, 1967—73;

Wyka K. Młoda Polska. T. 1—2. Kraków, 1977;

Makowięcki A.Z. Młoda Polska. Warszawa, 1981.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 551

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ» Працуе з 1970 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў. У 1978 уведзена ў эксплуатацыю 2-я чарга. У 1986 на базе з-да, спец. канструктарска-тэхнал. бюро нестандартызаванага абсталявання і асобага канструктарска-тэхнал. бюро гібрыдных інтэгральных схем створана ВА «Электрамодуль». У 1989 уведзена ў эксплуатацыю 3-я чарга. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». Асн. прадукцыя (1999): дыёды паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі агульнапрамысл. прызначэння, у т.л. зварачныя, блокі аўтамотатрактарныя выпрамляльныя, дыёда-транзістарныя модулі, спецтэхнал. абсталяванне, мэблевая фурнітура.

т. 9, с. 551

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.К.Агінскага,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч. г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус. нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.Гуцін, Я.Дзягцярык, В.Іваноў, М.Казінец, В.Карэтнікаў, Т.Мдывані, Л.Свердэль, Ф.Севасцьянаў, І.Хадоска, Г.Цэпава; яго ўзначальвалі Р.Грышаеў, І.Сушкевіч, Л.Школьнікаў, А.Шунтаў, Ю.Шпадарук, Э.Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.Янушкевіч).

Літ.:

Маладзечанскае музычнае вучылішча. Маладзечна, 1996.

Л.В.Ляшчэвіч.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага.

т. 9, с. 551

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР ў 1944—60. Цэнтр — г. Маладзечна. Створана 20.9.1944 з б. Вілейскай вобласці з далучэннем Валожынскага, Іўеўскага, Юрацішкаўскага р-наў Баранавіцкай вобл. 8.1.1954 да М.в. далучаны Івянецкі р-н Баранавіцкай вобл., Іўеўскі р-н перададзены Гродзенскай вобл. У 1959 пл. вобласці 24,3 тыс. км², нас. 848 тыс. чал., у т.л. 767 тыс. сельскага; 10 гарадоў, 8 гар. пасёлкаў, 253 сельсаветы; 22 раёны: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Валожынскі, Відзскі, Вілейскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Міёрскі, Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі, Юрацішкаўскі. 20.1.1960 вобласць скасавана. Раёны перададзены Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абл.

т. 9, с. 552