Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн

(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),

амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.

т. 9, с. 342

ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр. Грыфіт

(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв.. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),

«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л.аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.Якімовіч, А.Мардвілка, Н.Саламевіч, А.Саламевіч, У.Чаркас.

Тв.:

Бел. пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;

Бук — паштовы сабака Мн., 1930;

Забаставаў. Мн., 1931;

Кулі. Мн., 1931;

Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;

Смок Белью.

Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.

Літ.:

Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ. М., 1981;

Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.Лондона: Пер. с англ. Мн., 1984.

Дж.Лондан.

т. 9, с. 342

ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКАЯ ШКО́ЛА ў паліт-эканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі, які склаўся ў канцы 19 ст. ў Лонданскім ун-це. Заснавальнік У.С.Джэванс, яго паслядоўнікі Э.Кенан, Ф.Хаек, Л.Робінс. Тэарэт. канцэпцыі Л.ш. грунтуюцца на індывід.-псіхал. тлумачэнні эканам. з’яў і адмаўленні класічнай школы бурж. паліт. эканоміі. Грамадства яна разглядае як сукупнасць гасп. індывідаў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца псіхал. разуменнем выгады. Развіццё грамадскай вытв-сці, паводле іх меркавання, падначалена не эканам. законам, а рыначным. Прыватны рынак і механізм свабоднага дзеяння рыначных сіл выступаюць як вечныя катэгорыі. Прадстаўнікі Л.ш. выключаюць магчымасць кантролю грамадства над эканам. развіццём, сферу эканам. навукі абмяжоўваюць вывучэннем праблем прапановы і попыту, якія з’яўляюцца асн. эканам. катэгорыямі, што рэгулююць грамадскае развіццё.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы

(іх берагі належаць Турцыі),

падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т.л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас. ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м. ваен. флот і будаваць умацаванні.

Літ.:

Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939,

тайныя перагаворы паміж Вялікабрытаніяй і фаш. Германіяй у чэрв.—жніўні 1939. Адбываліся ў Лондане і Берліне адначасова з англа-франка-савецкімі перагаворамі (гл. Маскоўскія перагаворы 1939). Ініцыятар — Вялікабрытанія, якая імкнулася перанацэліць герм. агрэсію на У, у т. л. супраць СССР. Англ. прапановы: абедзве краіны заключаць пакт аб ненападзенні, Вялікабрытанія захавае свае калоніі, а Германія будзе пануючай краінай ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе і атрымае доступ да рэсурсаў калан. Афрыкі. Вялікабрытанія абяцала адмовіцца ад сваіх гарантый Польшчы і інш. усх.-еўрап. краінам, садзейнічаць ануляванню франка-сав. дагавора пра ўзаемадапамогу (ад 2.5.1935) і гарантый Францыі дзяржавам Паўд.-Усх. Еўропы, спыніць Маскоўскія перагаворы. Герм. бок фактычна адмовіўся абмяркоўваць брыт. прапановы і перагаворы скончыліся безвынікова.

Літ.:

История Второй мировой войны 1939—1945. М., 1974. Т. 2. С. 147—150.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,

раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4°C, ліп. +18°C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1854,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і Турцыяй аб ваенным саюзе супраць Расіі. Падпісаны 10 крас. ў Лондане, у перыяд Крымскай вайны 1853—56, пасля аб’яўлення Вялікабрытаніяй і Францыяй вайны Расіі (15—16 сак. 1854). Л.д. дапаўняў і пашыраў Канстанцінопальскі саюзны дагавор, заключаны паміж гэтымі дзяржавамі 12.3.1854. Паводле Л.д. Вялікабрытанія і Францыя абавязаліся дапамагаць Турцыі, паслаць дастатковую колькасць сваіх войск на еўрап. і азіяцкі тэатры ваенных дзеянняў, дзейнічаць сумесна і неадкладна. Турцыя ў сваю чаргу пазбаўлялася права ўступаць у любыя перагаворы з Расіяй без паведамлення і згоды саюзнікаў.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,

сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1913 Замацаваў становішча на Балканах пасля 1-й Балканскай вайны (гл. ў арт. Балканскія войны 1912—13).

т. 9, с. 343