Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́МЕШ (Валерый Мітрафанавіч) (н. 11.12.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эпізааталогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994), д-р вет. н. (1987), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1966 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (у 1973—88 заг. аддзела), з 1990 заг. кафедры Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па лейкозе буйн. раг. жывёлы, паталаг. марфалогіі, эпізааталогіі, ветсанэкспертызе прадуктаў, распрацоўцы сістэмы вет. аховы буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Лейкоз крупного рогатого скота. Мн., 1978 (у сааўт.);

Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі. Мн., 1992 (у сааўт.);

Биологическая оценка качества мяса при лейкозе крупного рогатого скота (разам з П.І.Пахомавым) // Уч. зап. Витебской гос. академии ветеринарной медицины. 1995. Т. 32.

В.М.Лемеш.

т. 9, с. 198

ЛЕ́МЕШ (Уладзімір Піліпавіч) (22.3. 1908, в. Падлессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1975),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў БСГА (1929). З 1938 нам. дырэктара, у 1944—68 рэктар, адначасова з 1933 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та. Навук. працы па вывучэнні хім. саставу і пажыўнасці кармоў, мікраэлементным жыўленні с.-г. жывёлы.

Тв.:

Состав и питательность кормов Белоруссии. Мн., 1962 (у сааўт.);

Аминокислотный состав протеина кормов. Мн., 1971 (у сааўт).

т. 9, с. 198

ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),

расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял. т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр. нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

С.Я.Лемешев: Из биогр. зап.;

Статьи. Беседы. Письма. М., 1987.

С.Я.Лемешаў.

т. 9, с. 198

ЛЕ́МІНГІ,

млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.

Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л.асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.

П.Ф.Каліноўскі.

Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).

т. 9, с. 198

ЛЕМНІСКА́ТА (лац. lemniscatus літар. ўпрыгожаны стужкамі), плоская крывая, для якой здабытак адлегласцей ад кожнага пункта M да дадзеных пунктаў (фокусаў F1, F2, ... Fn) роўны пастаяннаму ліку. Пры n=2 і пастаянным ліку, роўным квадрату палавіны міжфокуснай адлегласці a, крывая наз. лемніскатай Бернулі (разгледжана Я.Бернулі ў 1694); ураўненне ў прамавугольных каардынатах ( x2 + y2 ) 2 2a2 ( x2 y2 ) = 0 , у палярных — ρ2 = 2a2 cos2φ .

Лемніската Бернулі.

т. 9, с. 198

ЛЕМУ́РАВЫЯ (Lemuridae),

сямейства паўмалпаў. Вядомыя з плейстацэну і галацэну в-ва Мадагаскар. Пашыраны на в-ве Мадагаскар і суседніх астравах. 14(16) відаў з 6 родаў; макі, або звычайныя лемуры (Lemur), паўмакі, або лагодныя лемуры (Hapalemur), танкацелыя макі, або ласкападобныя лемуры (Lepilemur), пацучыныя макі, або карлікавым лемуры (Cheirogaleus), мышыныя макі, або лемуры (Microcebus), вілаватапалосыя лемуры (Phaner). Жывуць у лясах на дрэвах, некат. на зямлі. Трымаюцца паасобку, парамі, невял. групамі або статкамі (да 20 асобін). Карлікавыя і мышыныя лемуры ў засушлівы сезон упадаюць у спячку. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 50 см, хваста да 51 см. Валасяное покрыва густое, чорнае, бурае, шэрае або рыжаватае, можа адрознівацца ў самцоў і самак. На хвасце часам чаргуюцца светлыя і цёмныя папярочныя палоскі. Вочы збліжаныя, вялікія. Селяцца ў дуплах або робяць гнёзды з лісця і травы. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

Да арт. Лемуравыя. Лемур.

т. 9, с. 198

ЛЕМЦЮГО́ВА (Валянціна Пятроўна) (н. 19.12.1935, в. Новая Алакюль Ленінградскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1988), праф. (1993). Скончыла БДУ (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (з 1987 заг. аддзела). Асноўныя навук. даследаванні ў галіне анамастыкі (у прыватнасці тапанімікі), лексікалогіі і лексікаграфіі. Пытанні станаўлення і функцыянавання ўсх.слав. айканіміі ў працах «Беларуская айканімія» (1970), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» і «Фарміраванне ўсходнеславянскай айканіміі ў сувязі з развіццём тыпаў паселішчаў» (абедзве 1983). Складальнік «Украінска-беларускага слоўніка» (1980); «Слоўніка цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткага слоўніка беларускай мовы» (1994, усе з Г.У.Арашонкавай) і інш. Адзін з аўтараў «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі», манаграфій «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы» (усе 1994). Чл. анамастычнай камісіі пры Міжнар. к-це славістаў, старшыня Рэсп. тапанімічнай камісіі пры Нац. АН Беларусі.

т. 9, с. 199

ЛЕМЯШО́НАК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 14.10.1929, в. Кіктараўка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1964 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Мінскай ВПШ, з 1991 у Ін-це гіст.-паліт. даследаванняў, з 1992 гал. рэдактар Арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Даследуе гісторыю барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Адзін з аўтараў выданняў «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4, 1975) і інш.

Тв.:

Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». Мн., 1984;

Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1988;

Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!» Мн., 1996.

т. 9, с. 199

ЛЕМЯШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на У ад горада і 27 км ад чыг. ст. Пінск, 219 км ад Брэста. 480 ж., 165 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1885). Каля вёскі стаянка эпох неаліту і бронзы і селішча жал. веку.

т. 9, с. 199

Лемяшэўскі Іван Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 419