ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),

расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял. т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр. нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

С.Я.Лемешев: Из биогр. зап.;

Статьи. Беседы. Письма. М., 1987.

С.Я.Лемешаў.

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)