КО́ШЫК у батаніцы,
простае батрычнае суквецце з пашыранай галоўнай воссю ў выглядзе канічнай ці сподкападобнай пляцоўкі, на якой шчыльна размешчаны дробныя кветкі. Абкружана шматлістай абгорткай. Характэрна для раслін пераважна сям. складана-кветных, некат. парасонавых і званочкавых.
Такая будова суквецця спрыяе апыленню кветак. Для прадухілення самаапылення выпрацаваліся розныя біял. прыстасаванні (напр., паступовае раскрыццё кветак, розны тэрмін развіцця тычынак ці песцікаў і інш.).
т. 8, с. 440
КО́ШЫЦ (Аляксандр Антонавіч) (12.9. 1875, с. Рамашкі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.9.1944),
украінскі харавы дырыжор, муз. фалькларыст, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Вучыўся ў Муз.-драм. школе М.Лысенкі ў Кіеве. З 1913 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Кіраваў многімі хар. калектывамі. Адзін з заснавальнікаў (1917) Першага нац. хору (з 1919 Укр. рэсп. капэла). З 1919 за рубяжом. Запісаў і апрацаваў шмат рус., укр., і інш. нар. песень, у т. л. бел. «Лугам, лугам зеляненькім», «Там за садамі», «Ой, у садочку цвіла лілея» і інш., якія былі дасланы яму Р.Шырмам і ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі.
Т.Г.Слабодчыкава.
т. 8, с. 441
КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.
т. 8, с. 441
КО́ШЫЦЫ (Kośice),
горад на У Славакіі, каля падножжа Славацкіх Рудных гор. Адм. ц. Усходне-Славацкай вобл 240 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічны камбінат, цяжкае машынабудаванне, апрацоўка магнезіту, харч., дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Тэатры, у т. л. оперны. Музей Усх. Славакіі. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Альжбеты 14—16 ст. Культ. цэнтр венг. і ўкр. насельніцтва.
Засн. ў 13 ст. як гандл. пункт на шляху ў Польшчу і Расію. З 1249 горад, у 1290 вакол яго пабудаваны крапасныя сцены, важны пункт абароны ў войнах з Турцыяй. Росквіт у 14—15 ст. Польскі кароль Людовік I Венгерскі выдаў тут Кошыцкі прывілей 1374. Да 1-й сусв. вайны і ў 1938—45 у складзе Венгрыі, у 1921—38 і з 1945 — Чэхаславакіі. З 1992 у складзе Славацкай Рэспублікі.
т. 8, с. 441