Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РАР (Koror),

горад, сталіца дзяржавы Палау, на в-ве Бабелтуап. 10,5 тыс. ж. (1992). Рыбалоўны порт. Аэрапорт. Харч. прам-сць. Вываз копры.

т. 8, с. 417

КО́РАТЦАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 17.8.1922, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

расійскі геадэзіст і астраном. Правадз. чл. Астранома-геадэзічнага т-ва Рас. АН (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў землеўпарадкавання (1954). У 1962—84 у Ленінградскім планетарыі. Ініцыятар стварэння касм. мемарыяла герояў Вял. Айч. вайны, імёнамі якіх названы малыя планеты. Яго імем названа малая планета Алегія.

Тв.:

Звезды Пулкова: Очерки о Пулковской обсерватории и астрономах-пулковцах. Л., 1989;

Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Вел. отеч. войны. СПб., 1995 (разам з М.Ю.Дахіе).

А.І.Болсун.

т. 8, с. 417

КОРБ ((Korb) Іаган Георг) (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),

дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш. бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.

В.П.Грыцкевіч.

т. 8, с. 417

КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.Крылова, Л.Украінкі, С.Алейніка, Т.Масэнкі і інш.

Тв.:

Шклянка чаю: Выбранае. Мн., 1970;

Выбранае. Мн., 1976;

Дзядзькава крыўда: Апавяданні, гумарэскі, турысцкія замалёўкі. Мн., 1982;

Не на сваім месцы: Байкі. Мн., 1990.

Літ.:

Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 121—150.

У.І.Корбан.

т. 8, с. 417

КО́РБУТ (Вольга Валянцінаўна) (н. 16.5.1955, г. Гродна),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1977). Чэмпіёнка XX і XXI Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія, і 1976, г. Манрэаль, Канада) у камандным першынстве, у асабістым заліку — у вольных практыкаваннях (1972) і на гімнастычным бервяне (1972, 1976); сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах (1972). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве і ў апорным скачку, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах, гімнастычным бервяне і вольных практыкаваннях (1974, г. Варна, Балгарыя). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў асабістым першынстве (1973, Лондан). Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1975), Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1971, 1975), у апорным скачку (1970, 1974), у практыкаваннях на брусах (1974, 1976). У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету. З 1991 жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл (ЗША). Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

В.В.Корбут.

т. 8, с. 417

КО́РБУТ (Пётр Юльянавіч) (29.9.1908, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 4.2.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1941). З 1931 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд., 4-м Укр. франтах. Камандзір танк. брыгады палкоўнік К. вызначыўся ў лютым 1944 у прарыве варожай абароны на Нікапальскім плацдарме (Украіна). Загінуў у баі.

П.Ю.Корбут.

т. 8, с. 417

«КО́РВІН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 80 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бянкоўскія, Дмахоўскія, Каханоўскія, Крукоўскія, Урублеўскія. Мае ў чырв. полі выяву крумкача, які сядзіць на бервяне з адсечанымі 4 сукамі і трымае ў дзюбе пярсцёнак. Клейнод — на прылбіцы з каронай тры страусавыя пёры. Герб «К». адгалінаваўся ў пач. 16 ст. ад герба «Слепаўрон».

Герб «Корвін».

т. 8, с. 417

КО́РВІН Мацвей, гл. Матыяш Хуньядзі.

т. 8, с. 418

КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна

(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),

расійская пісьменніца, дзеяч міжнар. сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.М.Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.В.Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел ў рабоце К-та пільнасці, чл. ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Сезерный вестник».

І.М.Масляніцына.

т. 8, с. 418

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.М.Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418