Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕРАТААКАНТО́МА [ад грэч. keras (keratos) рог, рэчыва рога + akantha калючка, шып, вастрыё + ...ома],

дабраякасная эпідэрмальная пухліна валасяных фалікул. Мяркуюць, што прырода К. вірусная. Найчасцей бывае ў людзей сярэдняга ўзросту, якія маюць кантакт з вугляродам і прадуктамі каменнага вугалю. На твары, кісцях рук узнікае шчыльнае, паўшарападобнае зацвярдзенне, 2—3 см у дыяметры, з уцісканнем у цэнтры, запоўненым рагавымі масамі, якія лёгка выдаляюцца. Праз 3—6 месяцаў пасля К. застаюцца рубцы, магчыма перараджэнне ў пласкаклетачны рак. Лячэнне: рэнтгенатэрапія, электракаагуляцыя, хірургічнае.

М.З.Ягоўдзік.

т. 8, с. 236

КЕРАТАПЛА́СТЫКА, перасадка рагавіцы,

пластычная аперацыя перасадкі рагавой абалонкі вока. Робяць К. пры бяльме рагавіцы з рэзка паніжаным зрокам (аптычная К.), калі рагавіца пакрыта язвамі, для ліквідацыі дэфекту пры раненнях і перфарацыях рагавіцы, для змены рэфракцыі рагавіцы (лячэбная К.). Касметычную К. робяць пры бяльме рагавіцы на сляпых вачах з мэтай стварыць ілюзію нармальнага вока. Пры К. паталагічна змененую рагавіцу ці яе частку замяшчаюць трансплантантам.

Л.М.Марчанка.

т. 8, с. 237

КЕРАТАФІ́Р,

(ад грэч. keras (keratos) рог + парфір), альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.

т. 8, с. 237

КЕРАТЫ́Т [ад грэч. keras (keratos) рог],

запаленне рагавой абалонкі вока, іншы раз з частковым або поўным яе памутненнем (бяльмом) і паніжэннем зроку да слепаты. Адрозніваюць К. экзагенныя (пры ўздзеянні знешніх фактараў, пераважна інфекц., ці пры траўме) і эндагенныя (пры захворваннях арганізма); па лакалізацыі бываюць паверхневыя і глыбокія. Сімптомы К.: святлабоязь, слёзацячэнне, боль, пачырваненне вока, парушэнне празрыстасці рагавіцы, паніжэнне зроку.

Найчасцей бываюць вірусныя К. (напр., герпетычны выклікаецца вірусамі герпесу). Катаральныя ўзнікаюць пры інфекц. кан’юнктывітах (ганарэйным, дыфтэрыйным), трахоме і інш. Пры бактэрыяльных гнойных К. (выклікаюцца стафілакокамі, пнеўмакокамі і інш.) можа развіцца паўзучая язва з дэфектам рагавіцы і рубцом. Паверхневыя туберкулёзна-алергічныя скрафулёзныя К., як правіла, двухбаковыя; гематагенныя глыбокія К. пашкоджваюць адно вока з моцным памутненнем рагавіцы. Парэнхіматозны К. (тыповая форма глыбокага эндагеннага К.) найчасцей бывае пры прыроджаным сіфілісе. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірург — кератапластыка.

Л.М.Марчанка.

т. 8, с. 237

КЕРАЦІ́НЫ,

бялкі верхняга слоя скуры і яе вытворных (валасоў, пер’я, кіпцюроў, капытоў, рагоў і інш.). Выяўлены 2 канфармацыі: β-К. (структура нерасцягнутых валокнаў) і β-К. (расцягнутая форма). Абумоўліваюць мех. трываласць скуры і скурных утварэнняў. У складзе К. шмат глутамінавай кіслаты, лейцыну, цыстэіну. Нерастваральнасць у вадзе, арган. растваральніках, устойлівасць да пратэалітычных ферментаў абумоўлена шматлікімі дысульфіднымі сувязямі паміж поліпептыднымі ланцугамі. Парушэнне абмену К. прыводзіць да захворванняў скуры.

т. 8, с. 237

КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл. Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.

2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаванні магн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.

3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл. Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.

Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.

т. 8, с. 233

КЕРБАБА́ЕЎ (Берды Мурадавіч) (15.3.1894, аул Каўкі-Зерэн Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 23.7.1974),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменіі (1967). Засл. дз. маст. Туркменіі (1943). Акад. АН Туркменіі (1951). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1923 (сатыр. вершы, паэмы). Аўтар кн. нарысаў і апавяданняў «Рэчаіснасць» (1931), гіст.-рэв. рамана «Вырашальны крок» (кн. 1—3, 1940—55; Дзярж. прэмія СССР 1948), п’ес «Браты», «Махтумкулі» (абедзве 1943) і інш. На аснове рамана «Цудам народжаны» (1967) створана п’еса «Кайгысыз Атабаеў» (1969, Рэсп. дзярж. прэмія імя Махтумкулі 1971). Жыццю нафтавікоў прысвечаны раман «Небіт-Даг» (1957), жыццю вёскі — аповесць «Айсалтан з краіны белага золата» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951) і раман «Кропля вады — крупінка золата» (1972). Аўтар кніг для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на туркм. мову. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, Л.Салавей, М.Паслядовіч, Г.Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Батыр: [Апавяданні]. Мн., 1961;

у кн. Каракумскія зоркі. Мн., 1969;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—6. Ашхабад. 1969—73.

Б.М.Кербабаеў.

т. 8, с. 237

КЕРБЕЛА́,

горад у Іраку, у сярэдняй ч. даліны р. Еўфрат. Адм. ц. мухафазы Кербела. Засн. ў 7 ст. 200 тыс. ж. (1997). Буйны гандл.-трансп. пункт. Кансервавы з-д. Тэкст. і цукр. прадпрыемствы. Рамёствы. У 680 тут адбылася бітва паміж Амеядамі і ўнукам Мухамеда Хусейнам, у якой апошні загінуў. У 8 — пач. 9 ст. пабудавана мячэць-маўзалей Хусейна (неаднаразова знішчалася, канчаткова ў 1016 у выніку пажару). Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў, месца паломніцтва.

т. 8, с. 237

КЕ́РБЕЛЬ (Леў Яфімавіч) (н. 7.11.1917, с. Сямёнаўка Сумскай вобл., Украіна),

расійскі скульптар. Нар. маст. Расіі (1967). Нар. маст. СССР (1977). Правадз. чл. (1975) і віцэ-прэзідэнт (1988—92) АМ СССР. Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1948), выкладае ў ім з 1962 (з 1963 праф.). Працуе ў манум. і партрэтнай скульптуры: рэльефы «Парад Перамогі», «Слухаюць Леніна» (1948—49; Дзярж. прэмія СССР 1950), партрэты К.Мухтаравай (1954), Дж.Эндыката і Джо Уолеса (абодва 1957), Ю.Гагарына (1962), помнікі «Героям штурму Берліна» (1945, з У.Цыгалём) і Э.Тэльману (1986) у Берліне, У.І.Леніну ў Горках-Ленінскіх (1959), К.Марксу ў Маскве (1961; Ленінская прэмія 1962) і Карл-Маркс-Штаце (1971), «Ахвярам фашызму» ў г. Рудня Смаленскай вобл. (1965) і інш.

Л.Кербель. Партрэт Джо Уолеса. 1957.

т. 8, с. 237

КЕРВЕ́ЛЬ,

гл. ў арт. Маркоўнік.

т. 8, с. 237