КЕ́РБЕЛЬ (Леў Яфімавіч) (н. 7.11.1917, с. Сямёнаўка Сумскай вобл., Украіна),
расійскі скульптар. Нар.маст. Расіі (1967). Нар.маст.СССР (1977). Правадз.чл. (1975) і віцэ-прэзідэнт (1988—92) АМСССР. Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Маскоўскі маст.ін-т (1948), выкладае ў ім з 1962 (з 1963 праф.). Працуе ў манум. і партрэтнай скульптуры: рэльефы «Парад Перамогі», «Слухаюць Леніна» (1948—49; Дзярж. прэмія СССР 1950), партрэты К.Мухтаравай (1954), Дж.Эндыката і Джо Уолеса (абодва 1957), Ю.Гагарына (1962), помнікі «Героям штурму Берліна» (1945, з У.Цыгалём) і Э.Тэльману (1986) у Берліне, У.І.Леніну ў Горках-Ленінскіх (1959), К.Марксу ў Маскве (1961; Ленінская прэмія 1962) і Карл-Маркс-Штаце (1971), «Ахвярам фашызму» ў г. Рудня Смаленскай вобл. (1965) і інш.