Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕМЕ́ЛІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭ́ННЯ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.

Ю.А.Якімовіч.

т. 8, с. 226

КЕМЕ́ЛІШКІ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 70 км на Пн ад г.п. Астравец, 272 км ад Гродна, 75 км ад чыг. ст. Гудагай. 730 ж., 280 двароў (1998).

Вядомы з 1644 як сяло маёнтка Свіраны, які ў 17—18 ст. належаў Сангушкам, Данілевічам, Корвін-Пятроўскім, Прушынскім. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У 1886—143 ж., 21 двор. З 1922 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета Свірскага р-на, у 1959—62 у Некрашунскім і Падольскім с/с Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. З 1965 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1971—521 ж., 189 двароў.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Дзевы Марыі.

т. 8, с. 226

КЕ́МЕНАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (2.6.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 14.6.1988),

расійскі мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Расіі (1968). Д-р мастацтвазнаўства (1958), правадз. чл. АМ СССР (1954; віцэ-прэзідэнт з 1966). Вучыўся ў 1-м Маскоўскім ун-це (1928—30). Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1933—38). У 1938—40 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Нам. міністра культуры СССР (1954—56). У 1956—58 прадстаўнік СССР пры ЮНЕСКА. Работы па эстэтыцы, тэорыі, гісторыі рус., сав. і зах.-еўрап. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Тв.:

Статьи об искусстве. М., 1956;

Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Картины Веласкеса. М., 1969.

т. 8, с. 226

КЕ́МЕРАВА,

горад у Расіі, цэнтр Кемераўскай вобл., на р. Том, пры ўпадзенні р. Іскіцім. Засн. ў 1918 з с. Шчаглова (вядома з 1720) і с. Кемерава (з 1863), у 1925—32 наз. Шчаглоўск. 500 тыс. ж. (1997). Прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: хім., машынабудаванне (хім. машынабудаванне, эл.-тэхн., эл. рухавікі, эл. маторы, стромаўталініі і інш.), лёгкая, харч., мед. і буд. матэрыялаў. У раёне вядзецца здабыча каменнага вугалю. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Музеі краязнаўства і выяўл. мастацтваў.

т. 8, с. 226

КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУ Зах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс. км². Нас. 3037 тыс. чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Апжэра-Суджанск.

Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах. ч. Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас. р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс. кВт гадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн. га (запасы драўніны 598 млн. м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.

Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн. т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш. Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд. кВт гадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім. прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн. га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі Транскантыпентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс. км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.

В.М.Корзун.

т. 8, с. 226

КЕ́МЕРЫ,

прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.

т. 8, с. 227

КЕМІНЕ́ (сапр. Мамедвелі; каля 1770—1840),

туркменскі паэт. Вучыўся ў Бухары. Аўтар сатыр. вершаў, накіраваных супраць духавенства і феадалаў. Яму прыпісваюць аўтарства тэматычна блізкіх да сатыры анекдотаў. У творах пра сац. няроўнасць заклікаў да актыўнасці і адзінства, сцвярджаў ідэалы свабоды і шчасця. Пісаў таксама інтымна-лірычныя вершы. Захавалася каля 40 вершаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1968.

т. 8, с. 227

КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.

І.М.Язэпенка.

т. 8, с. 227

КЕ́МІ-ІО́КІ (Kemijoki),

рака на Пн Фінляндыі. Даўж. 552 км, пл. бас. 51,4 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах грады Манселькя, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстай раўніне, перасякае воз. Кеміярві, упадае ў Батнічны зал. Балтыйскага мора. Веснавое разводдзе, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 520 м³/с. Сплаўная. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў нізоўях. На рацэ г. Рованіемі, каля вусця марскі порт Кемі.

т. 8, с. 227

КЕ́МПА БЕ́РАГ (Kemp Coast),

частка ўзбярэжжа Антарктыды на У ад Зямлі Эндэрбі (56° — 59°40 усх. д.). Абмываецца морам Садружнасці. Б. ч. тэрыторыі знаходзіцца пад мацерыковым лёдам, які ўтварае высокія ледзяныя абрывы. Адкрыты англ. экспедыцыяй у 1833, пазней названы імем П.Кемпа — капітана судна «Магнет» гэтай экспедыцыі.

т. 8, с. 227