КЕ́МЕРЫ,

прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)