Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭ́ЙМЕК ((Dejmek) Казімеж) (н. 17.5.1924, г. Ковель, Украіна),

польскі акцёр і рэжысёр. У 1947 дэбютаваў як акцёр. У 1949—61 і 1975—79 дырэктар Новага т-ра (Лодзь), у 1962—68 — Нац. т-ра ў Варшаве. У 1969—71 працаваў за мяжой. У 1972—74 у Вялікім (Лодзь) і Драм. (Варшава) т-рах. З 1981 дырэктар Т-ра Польскага (Варшава). У 1993—95 міністр культуры і мастацтва Польшчы. Сярод пастановак: «Лазня» У.​Маякоўскага (1954, 1983, г. Эсен, Германія), «Жыццё Іосіфа» М.​Рэя (1958, 1965, 1985), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1965, 1967), «Намеснік» Р.​Гохута (1966), «Аперэтка» В.​Гамбровіча (1975), «Вызваленне» (1982) і «Вяселле» (1985, 1992) С.​Выспянскага, «Амбасада» (1988) і «Партрэт» (1990) С.​Мрожака. Ставіў оперныя спектаклі. Дзярж. прэмія Польшчы 1984.

т. 6, с. 329

ДЭЙР-ЭЛЬ-БА́ХРЫ,

мясцовасць на зах. беразе Ніла ў Верхнім Егіпце насупраць г. Фівы, дзе паміж скаламі ўзведзены 2 пахавальныя храмы. Храм Ментухатэпа I, цара XI дынастыі (2050 да н.э.), складаўся з камернай грабніцы і піраміды, размяшчаўся ў дакладна спланаваным ансамблі з каланад і тэрас. Храм царыцы Хатшэпсут, XVIII дынастыі (1480 да н.э.) аналагічнай планіроўкі, але без піраміды; знакаміты сваімі рэльефамі, адзін з якіх выяўляе гандл. экспедыцыю ў Пунт.

т. 6, с. 329

ДЭ́ЙТАН (Dayton),

горад на ПнУ ЗША, на р. Маямі, у штаце Агайо. Засн. ў 1796. 182 тыс. ж., з г. Спрынгфілд і агульнымі прыгарадамі каля 950 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны цэнтр машынабудавання: вытв-сць станкоў, інструментаў, кавальска-прэсавай і выліч. тэхнікі, авіяц. і ракетнага абсталявання, дэталей і вузлоў для аўтамабіляў, абсталявання для харч. і паліграф. прам-сці, электрабыт. прылад, рознай прамысл. тэхнікі. Развіта таксама металаапр., металургічная, папяровая, хім., паліграф. прам-сць. Перапрацоўка пластмас. 2 ун-ты. Даследчы цэнтр аэранаўтыкі і база ВПС ЗША Райт-Патэрсан. Музей авіяцыі.

т. 6, с. 329

ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),

прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.

т. 6, с. 329

ДЭЙТРО́Н,

стабільнае ядро атама цяжкага ізатопа вадароду (дэйтэрыю) з масавым лікам 2. Абазначаецца ​2H, D. Складаецца з пратона і нейтрона і з’яўляецца найпрасцейшай сістэмай, звязанай ядзернымі сіламі. Выкарыстоўваецца як мішэнь у многіх ядз. рэакцыях.

т. 6, с. 329

ДЭЙТЭРАМІЦЭ́ТЫ,

тое, што недасканалыя грыбы.

т. 6, с. 329

ДЭЙТЭ́РЫЙ (лац. Deuterium),

цяжкі вадарод, стабільны ізатоп вадароду з масавым лікам 2. Абазначаецца D, ​2Н. Ядро атама (дэйтрон) складаецца з пратона і нейтрона. З кіслародам утварае цяжкую ваду. Выкарыстоўваецца як запавольнік нейтронаў у ядз. рэактарах, ядз. паліва.

т. 6, с. 329

ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),

род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.

Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш. Дэкар. расліны.

Дэйцыя зграбная.

т. 6, с. 329