Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДУБАНО́С (Coccothraustes coccothraustes),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі, на Пн Індыі і Афрыкі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, садах і парках. Пералётны, часткова зімуе. На Беларусі звычайны на Пд ад шыраты г. Бабруйск, найб. на Палессі; рэдкі на Пн.

Даўж. цела каля 13 см, маса 46—57 г. Дзюба моцная, тоўстая, канічная. Галава бура-карычневая, горла, паласа вакол дзюбы, крылы і хвост чорныя, спіна каштанавая, на плячах шырокая светлая паласа, цела знізу рыжавата-шэрае, брушка і пляма на хвасце і крылах белыя. Самка больш цьмяная. Нясе 3—7 (найчасцей 4—5) яец. Корміцца насеннем дрэў, пладамі крушыны, рабіны, чаромхі, костачкамі вішні і інш.

Дубанос.

т. 6, с. 240

ДУ́БАР (Леанід Паўлавіч) (18.8.1925, г. Магілёў — 18.2.1978),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (з 1961). Сярод работ сюжэтна-тэматычныя карціны «Чацвёра адважных» (1961), «У дарозе» (1962), «Тарпедная атака» (1963), «Пагрузка мін» (1964), «Матросы» (1970), пейзажы «Каля прычала» (1963), «Блакітнае змярканне» (1965), «Шэры дзень» (1967). Працаваў у кніжнай графіцы, аформіў кнігі «Шчаслівая дарога» А.​Александровіча (1958), «Мсціслаўцаў посах» Э.​Ялугіна (1971), «Па закліку сэрца» М.​Аляксеева (1974), «Дзяўчына ішла па вайне» М.​Гамолкі (1976).

А.​Б.​Александровіч.

Л.Дубар. Матросы. 1970.

т. 6, с. 240

ДУБА́С,

да пач. 20 ст. драўлянае кругладоннае хадавое судна. Будавалі на рэках Зах. Буг і Мухавец. Даўж. 28—32 м, шыр. 7—8 м, грузападымальнасць ад 48—60 да 128—160 т. Служылі каля 5 навігацый.

т. 6, с. 240

ДУБА́САЎ (Мікалай Аляксандравіч) (28.9.1869, С.-Пецярбург — 4.4.1935),

рускі піяніст і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1923). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі, выкладчыка Пецярбургскай кансерваторыі. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889), у 1894—1917 і 1923—35 выкладаў у ёй (праф. з 1902). Канцэртаваў у Расіі і за яе межамі. У 1918—20 праф. Саратаўскай, у 1921—23 — Віцебскай кансерваторый. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу піяністаў імя А.​Рубінштэйна (1890).

т. 6, с. 240

ДУБАТО́ЎСКАЕ,

біялагічны заказнік на тэр. Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны як заказнік-журавіннік для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на балоце верхавога тыпу Дубатоўка ў 1979. Пл. 720 га (1997). У заказніку 2 невял. возеры. Па краі балота пераважна асакова-пушыцава-сфагнавая расліннасць, бліжэй да цэнтра — асакова-пушыцава-кусцікавасфагнавая. На мінер. «астравах» у цэнтры трапляецца рэдкая ахоўная расліна — купальнік горны.

т. 6, с. 240

ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),

беларускі акцёр. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.​Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.​Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра).

Г.С.Дубаў.
Г.Дубаў у ролі Жываты Цвіёвіча.

т. 6, с. 240

ДУ́БАЎКА,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Клюшова. У верхнім цячэнні называецца Асеча. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. Асн. прыток р. Карляча (справа).

т. 6, с. 241

ДУБАЎСКО́Е ВО́ЗЕРА,

у Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Цна, за 9 км на Пд ад г. Ганцавічы. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пад лесам. Дно выслана сапрапелем.

т. 6, с. 241

ДУБАЎСКО́Й (Мікалай Ніканоравіч) (17.12.1859, г. Новачаркаск, Расія — 28.2.1918),

рус. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Пецярбургскую АМ (1881). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1900; з 1911 праф. — кіраўнік пейзажнай майстэрні). З 1886 чл. Т-ва перасоўных част. выставак (гл. Перасоўнікі), з 1890-х г. адзін з яго кіраўнікоў. Імкнуўся да эпічна-абагульненага адлюстравання прыроды («Дубы» і «Прыціхла», абодва 1890; «На Волзе», 1892; «Радзіма», каля 1903—05).

М.Дубаўской. Прыціхла. 1890.

т. 6, с. 241

ДУ́БАХ (Аляксандр Давідавіч) (9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Акад. АН БССР (1928), д-р с.-г. н. (1926), праф. (1921).Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1908). У 1908—16 інжынер-гідратэхнік у Мінскай і Магілёўскай губ. З 1920 заг. кафедры БСГА. У 1927—30 заг. аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навук.-тэхн. савета пры Наркамземе БССР. У 1927—42 заг. кафедры Ленінградскай лесатэхн. акадэміі. Распрацоўваў пытанні гідралогіі лясоў, балот, уплыву лесу на рачны сцёк. Зрабіў навук. аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот.

т. 6, с. 241