Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́БАЙ,

курганны могільнік (7 — пач. 6 ст. да н.э.) мілаградскай культуры каля в. Дубай Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Больш за 80 насыпаў. Зафіксаваны незвычайны для мілаградскай культуры на тэр. Беларусі пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на ПдУ (1—3 нябожчыкі ў кургане), побач клалі інвентар, над магілай рабілі драўляную дамавіну, зверху насыпалі курган. Сярод знаходак жал. наканечнікі дзід, залатая завушніца, вял. грушападобныя пасудзіны.

С.Я.Расадзін.

т. 6, с. 239

ДУБА́Й, Дыбай,

горад у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, на ПнУ Аравійскага п-ва. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Персідскага зал. Гал. горад эмірата Дубай. 265,7 тыс. ж., з прыгарадамі 510 тыс. ж. (1991). Вузел аўтадарог, гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр раёна нафтаздабычы. Алюм. з-д, сухі док (буйнейшы ў свеце), прадпрыемствы па звадкаванні газу, аўтарамонтныя майстэрні. Ін-т нафты. Нац. б-ка.

т. 6, с. 239

ДУ́БАЙ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Піна, на аўтадарозе Пінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на З ад г. Пінск, 150 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Юхнавічы. 433 ж., 185 двароў (1997). Аддз. рыбгаса. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дубайскі парк і царква Раства Багародзіцы (1811).

т. 6, с. 239

ДУ́БАЙ,

вёска ў Відзіборскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 24 км на Пн ад г. Столін, 272 км ад г. Брэст, 10 км ад чыг. ст. Відзібор. 1036 ж., 477 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1906). На ўскраіне вёскі археал. помнік Дубай.

т. 6, с. 239

ДУ́БАЙСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст. цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.

В.Р.Анціпаў.

Дубайскі парк. Схема планіроўкі.

т. 6, с. 239

ДУБАНО́С (Coccothraustes coccothraustes),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі, на Пн Індыі і Афрыкі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, садах і парках. Пералётны, часткова зімуе. На Беларусі звычайны на Пд ад шыраты г. Бабруйск, найб. на Палессі; рэдкі на Пн.

Даўж. цела каля 13 см, маса 46—57 г. Дзюба моцная, тоўстая, канічная. Галава бура-карычневая, горла, паласа вакол дзюбы, крылы і хвост чорныя, спіна каштанавая, на плячах шырокая светлая паласа, цела знізу рыжавата-шэрае, брушка і пляма на хвасце і крылах белыя. Самка больш цьмяная. Нясе 3—7 (найчасцей 4—5) яец. Корміцца насеннем дрэў, пладамі крушыны, рабіны, чаромхі, костачкамі вішні і інш.

Дубанос.

т. 6, с. 240

ДУ́БАР (Леанід Паўлавіч) (18.8.1925, г. Магілёў — 18.2.1978),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (з 1961). Сярод работ сюжэтна-тэматычныя карціны «Чацвёра адважных» (1961), «У дарозе» (1962), «Тарпедная атака» (1963), «Пагрузка мін» (1964), «Матросы» (1970), пейзажы «Каля прычала» (1963), «Блакітнае змярканне» (1965), «Шэры дзень» (1967). Працаваў у кніжнай графіцы, аформіў кнігі «Шчаслівая дарога» А.Александровіча (1958), «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (1971), «Па закліку сэрца» М.Аляксеева (1974), «Дзяўчына ішла па вайне» М.Гамолкі (1976).

А.Б.Александровіч.

Л.Дубар. Матросы. 1970.

т. 6, с. 240

ДУБА́С,

да пач. 20 ст. драўлянае кругладоннае хадавое судна. Будавалі на рэках Зах. Буг і Мухавец. Даўж. 28—32 м, шыр. 7—8 м, грузападымальнасць ад 48—60 да 128—160 т. Служылі каля 5 навігацый.

т. 6, с. 240

ДУБА́САЎ (Мікалай Аляксандравіч) (28.9.1869, С.-Пецярбург — 4.4.1935),

рускі піяніст і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1923). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі, выкладчыка Пецярбургскай кансерваторыі. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889), у 1894—1917 і 1923—35 выкладаў у ёй (праф. з 1902). Канцэртаваў у Расіі і за яе межамі. У 1918—20 праф. Саратаўскай, у 1921—23 — Віцебскай кансерваторый. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу піяністаў імя А.Рубінштэйна (1890).

т. 6, с. 240

ДУБАТО́ЎСКАЕ,

біялагічны заказнік на тэр. Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны як заказнік-журавіннік для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на балоце верхавога тыпу Дубатоўка ў 1979. Пл. 720 га (1997). У заказніку 2 невял. возеры. Па краі балота пераважна асакова-пушыцава-сфагнавая расліннасць, бліжэй да цэнтра — асакова-пушыцава-кусцікавасфагнавая. На мінер. «астравах» у цэнтры трапляецца рэдкая ахоўная расліна — купальнік горны.

т. 6, с. 240