Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Атар Міхайлавіч) (н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),

балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн. формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава, «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.​Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.​Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.​А.​Моцарта (1973), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).

А.​І.​Калядэнка.

А.М.Дадышкіліяні.

т. 6, с. 6

ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Натэла Атараўна) (н. 2.12.1960, г. Чэлябінск, Расія),

артыстка бел. балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка А.Дадышкіліяні. Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана. Найб. блізкія ёй партыі ў пастаноўках В.​Елізар’ева: Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Сярод інш. партый: Маша, Адэта—Адылія, фея Бэзу і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Дзяўчына («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Магнолія («Чыпаліна» К.​Хачатурана).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 151—156.

А.​І.​Калядэнка.

т. 6, с. 6

ДАДЫЯ́НІ (Шалва Мікалаевіч) (21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),

грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз. драм. т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.

т. 6, с. 6

ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),

французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.

Літ.:

История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 6, с. 6

ДАДЭКАНЕ́С,

астравы ў Эгейскім м., гл. Спарады Паўднёвыя.

т. 6, с. 7

ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.​М.​Гаўэра, А.​Габы, Э.​Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л. бел. В.​Войцік, Г.​Гарэлава, А.​Гураў, У.​Дарохін, У.​Кандрусевіч, В.​Капыцько, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, А.​Літвіноўскі, Дз.​Смольскі, А.​Сонін, Р.​Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 6, с. 7

ДАДЭКА́ЭДР (ад грэч. dōdeka дванаццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 12 граней (пяцівугольных), 30 рэбраў, 20 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 3 рабры). Калі a — даўжыня рабра Д., тады яго аб’ём v = a3 4 ( 15 + 75 ) 7,6631   a3 . Упершыню Д. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Дадэкаэдр.

т. 6, с. 7