Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕРА́КЛІЯН

(Hērakleion),

горад у Грэцыі, на в-ве Крыт, гл. Іракліян.

т. 5, с. 167

ГЕРА́ЛЬДЫКА

(позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),

спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.

Літ.:

Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;

Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;

Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 167

ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

т. 5, с. 167

ГЕРАНЁНСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.

Т.В.Габрусь, А.М.Кушнярэвіч.

т. 5, с. 168

ГЕРАНЁНЫ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).

У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.

Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).

т. 5, с. 168

ГЕРА́НІЕВЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей, які атрымліваюць са свежых раслін герані. Жоўтая вадкасць з пахам ружы і герані, шчыльн. 884—900 кг/м³. Асн. кампаненты — цытранелол (38—46%), гераніёл (15—18%). Выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 5, с. 168

ГЕРАНІЁЛ,

транс-3, 7-дыметылоктадыен-2, 6-ол-1, арганічнае злучэнне (CH​3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCH2OH. Бясколерная вадкасць з пахам ружы, tкіп 229—230 °C, шчыльн. 889 кг/м³ (20 °C). Гераніёл маюць многія эфірныя алеі (напр., гераніевы алей). Выкарыстоўваюць ў парфумерыі.

т. 5, с. 168

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ

[ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ

[ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.П.Боткіна, І.І.Мечнікава, І.П.Паўлава, А.А.Багамольца, А.В.Нагорнага, Дз.Ф.Чабатарова, англ. Б.Стрэлера, А.Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.М.Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.П.Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.Р.Гацко.

т. 5, с. 168

ГЕРАНТАПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна геранталогіі і ўзроставай псіхалогіі, якая выкарыстоўвае агульнапсіхал. сродкі і методыкі для вывучэння асаблівасцей псіхікі і паводзін асоб пажылога і старога ўзросту. Як асобная дысцыпліна пачала складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Яе з’яўленне абумоўлена павелічэннем (абсалютным і адносным) колькасці людзей старога ўзросту, праблемамі іх працаздольнасці і жыццёвага ладу. Герантапсіхалогія вывучае ўзаемасувязь агульных псіхал. і псіхафіз. характарыстык пры старэнні, а таксама асобасныя зрухі, што з’яўляюцца ў выніку змены характару дзейнасці і каштоўнасных арыентацый. Мэта герантапсіхалогіі — пошук сродкаў для працягу актыўнага і паўнакроўнага жыцця чалавека.

т. 5, с. 168