Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕО́РГІЕЎСК,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Стаўрапольскім краі. Засн. ў 1777 як крэпасць. 73,9 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Металаапр., лёгкая, біяхім., харч. прам-сць. У Георгіеўску быў заключаны Георгіеўскі трактат 1783 паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГІЕЎСКАЯ Настасся Паўлаўна

(7.11.1914, г. Арол, Расія — 12.9.1990),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1935). З 1936 у МХАТ. Выконвала пераважна характарныя ролі. Сярод іх: Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Арына Пятроўна («Паны Галаўнёвы» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Ксенія («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Патапава («Бітва ў дарозе» паводле Г.Нікалаевай). Здымалася ў фільмах: «Рэвізор», «А калі гэта каханне?» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,

1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.

2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).

Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.І.Кутузаў, М.Б.Барклай дэ Толі, І.Ф.Паскевіч, І.І.Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.І.Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.В.Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.В.Давыдаў (1804—06), С.М.Ланской (1811—14, шэф палка), М.І.Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.Ф.Багавут (1795—97), М.В.Вуіч (1786—97), Я.І.Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.І.Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.Дз.Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.П.Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.В.Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.А.Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.І.Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.А.Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.П.Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.А.Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.Б.Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.В.Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.

25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знак Ваен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.

У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.А.Арцём’еў, І.М.Богдан, С.П.Богдан, Дз.М.Васільеў, К.А.Вышнікаў, С.А.Гавяза, А.К.Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.Я.Гудкоў, М.А.Дубовік, І.Я.Ждановіч, П.В.Заблоцкі, М.І.Здановіч, А.Дз.Казачонак, С.Дз.Казачонак, П.І.Казятнікаў, Д.В.Канопка, І.І.Коўкель, П.В.Леанкоў, А.П.Лешчык, Я.І.Новікаў, В.Л.Раловец, Л.А.Сільвановіч, І.Ф.Фамін, І.М.Чахоўскі, А.А.Шугаеў, Н.М.Ярома і інш.

Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял. Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.

Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г. Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.

Літ.:

Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;

Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.

Ш.І.Бекцінееў.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГІЕЎСКІ ТРАКТА́Т 1783,

дагавор паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам (Усх. Грузія), заключаны 4 жн. ў Георгіеўску (Паўн. Каўказ). Паводле Георгіеўскага трактата груз. цар Іраклій II прызнаваў пратэктарат Расіі і адмаўляўся ад самаст. знешняй палітыкі. Кацярына II гарантавала Грузіі поўную аўтаномію, непарушнасць яе тэр. і абарону на выпадак вайны; прывілеяваныя саслоўі Грузіі прыраўноўваліся да адпаведных рускіх. Георгіеўскі трактат аслабіў пазіцыі Ірана і Турцыі ў Закаўказзі і падрыхтаваў далучэнне Грузіі да Расіі ў 1801.

Літ.:

Брегвадзе А.И. Славная страница истории: Добровольное присоединение Грузии к России и ею социально-экон. последствия. М., 1983.

т. 5, с. 164

ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,

адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам І у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).

А.Н.Басаў.

т. 5, с. 164

ГЕО́РГІЙ,

Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый, хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.

Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст. Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.

Л.М.Драбовіч.

т. 5, с. 164

ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т

(Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),

візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.

Літ.:

Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 165

ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л

(Geōrgios Amartōlos),

Георгій Манах, візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.

Літ.:

Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;

Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.

т. 5, с. 165

ГЕО́РГІЙ XII,

Гіоргі XII (1746—9.1.1801), апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла І пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).

т. 5, с. 165