ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл. Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
А.П.Красільнікаў.
т. 5, с. 147
ГЕМАРО́Й
(ад гема... + грэч. rheō цяку),
пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.
Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.
т. 5, с. 147
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ
(Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
т. 5, с. 147
ГЕМАСПЕРМІ́Я
(ад гема... + грэч. sperma семя),
з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.
т. 5, с. 147
ГЕМАТАКСІЛІ́Н
(ад гемата... + грэч. xylon драўніна),
фарбавальнік расліннага паходжання. Атрымліваюць экстракцыяй эфірам з драўніны кампешавага дрэва. Выкарыстоўваюць у мікраскапічнай тэхніцы для афарбоўкі раслінных і жывёльных тканак у сіні і сіня-чорны колер.
т. 5, с. 147
ГЕМАТАЛО́ГІІ І ПЕРАЛІВА́ННЯ КРЫВІ́ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1932 у Мінску як філіял Цэнтр. ін-та пералівання крыві на базе хірург. аддзялення 1-й клінічнай бальніцы, з ліст. 1932 Бел. НДІ пералівання крыві, з 1988 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў у дзяцей і дарослых з выкарыстаннем медулатрансфузіі (перасадка касцявога мозга), прагназаванне і карэкцыя гематалагічнага стану чалавека ў сувязі з праблемамі ліквідацыі мед. вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; даследаванне рэгулятарных механізмаў кроваўтварэння і імунітэту; стварэнне біятэхнал. схем вытв-сці гібрыдомных монакланальных дыягностыкумаў біяспецыфічных прэпаратаў крыві, кровазаменнікаў і гемасарбентаў, стварэнне аптымальнай структуры службы крыві і гематалагічнай службы.
Я.П.Іваноў.
т. 5, с. 147
ГЕМАТАЛО́ГІЯ
(ад гемата... + ...логія),
навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.
Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.Вірхаў у 1845, Э.Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.Адысан (1855) і ням. А.Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.І.Арынкін, А.А.Максімаў і А.М.Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.М.Чарнігаўскі, М.А.Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.
На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.
т. 5, с. 147
ГЕМАТАШЫЗАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ,
прэпараты для лячэння малярыі. Уплываюць на эрытрацытарныя формы развіцця малярыйнага плазмодыю — шызонтаў. Да гематашызатропных сродкаў адносяцца: хінгамін, хларыдзін, хінін, акрыхін, а таксама сульфаніламідныя прэпараты і антыбіётыкі тэтрацыклінавага раду. Для лячэння 3- і 4-дзённай малярыі гематашызатропныя сродкі камбінуюць з гісташызатропнымі сродкамі.
т. 5, с. 147