ГЕКСАКІНА́ЗА,
фермент адэназінтрыфасфатнай к-ты — гексоза 6-фасфатрансфераза. Каталізуе перанос фасфатнай групы з адэназінтрыфосфарнай к-ты на гексозу (глюкозу і інш). Удзельнічае ў першых этапах пераўтварэння глюкозы пры браджэнні, гліколізе, біясінтэзе глікагену і пры акісленні па пентазафасфатным шляху. Гексакіназа ёсць амаль ва ўсіх клетках жывёл, раслін і бактэрый. У розных арганізмаў і ў розных тканках гексакіназа прадстаўлена разнастайнымі ізаформамі (аднак усе каталізуюць адну і тую ж рэакцыю). Кафактарам гексакіназы з’яўляецца магній (Mg2+). Актыўнасць гексакіназы рэгулюецца гармонамі (інсулінам, стэроіднымі гармонамі), рэзка тармозіцца прадуктам рэакцыі гексозафасфатам.
А.М.Ведзянееў.
т. 5, с. 137
ГЕКСАМЕТЫЛЕНДЫАМІ́Н,
1,6-гександыамін, арганічнае злучэнне NH2 — (CH2)6 — NH2. Бясколерныя крышталі са слабым аміячным пахам, tпл 39—42 °C, tкіп 204—205 °C, шчыльн. 8313 831,3 кг/м³ (60 °C). Лёгка раствараецца ў вадзе (пры 30 °C у 100 г вады 960 г гексаметылендыаміну), спіртах, вуглевадародах, вадкім аміяку. З карбонавымі і мінер. к-тамі ўтварае солі. У прам-сці атрымліваюць аднаўленнем дынітрылу адыпінавай к-ты вадародам на нікелевых ці кобальтавых каталізатарах. Выкарыстоўваюць для сінтэзу поліамідаў, поліурэтанаў. Аказвае раздражняльнае ўздзеянне, выклікае дэрматыты, ГДК 1 мг/м³.
т. 5, с. 137
ГЕКСАМЕТЫЛЕНТЭТРАМІ́Н,
гексамін, уратрапін, гетэрацыклічнае арган. злучэнне. Сінтэзаваны А.М.Бутлеравым (1860).
Бясколерныя крышталі саладкаватага смаку, у паветры асмальваюцца пры 280 °C, вазганяюцца ў вакууме пры т-ры вышэй за 230 °C. Добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна — у эфіры, бензоле, чатыроххлорыстым вугляродзе. Моцнымі к-тамі гексаметылентэтраміну раскладаецца на аміяк і фармальдэгід, што абумоўлівае яго антысептычныя ўласцівасці. У прам-сці атрымліваюць пры выпарванні ў вакууме сумесі аміяку і фармальдэгіду: 4NH3 + 6CH2O ⇄ (CH2)6N4 + 6H2O.
Выкарыстоўваюць як лек. прэпарат групы антысептычных сродкаў (напр уратрапін, кальцэкс), сыравіну вытв-сці гексагену, бяздымнае цвёдрае паліва (т.зв. цвёрды спірт), ацвярджальнік фенола-фармальдэгідных смол, фунгіцыд.
т. 5, с. 137
ГЕКСА́Н,
нармальны гексан (н-гексан), насычаны вуглевадарод CH3—(CH2)4—CH3. Бясколерная вадкасць, tкіп 69 °C, шчыльн. 659,4 кг/м³ (20 °C). Гексан маюць бензінавыя фракцыі нафты і газавых кандэнсатаў. Пры хім. перапрацоўцы нафтапрадуктаў (напр., каталітычным рыформінгу) дэгідрацыклізуецца ў бензол. Непажаданы кампанент сінт. бензіну з-за нізкага актанавага ліку (25). Выкарыстоўваюць як растваральнік і вадкасць у нізкатэмпературных тэрмометрах.
т. 5, с. 137
ГЕКСАХЛОРЭТА́Н,
хлорзамешчаны этан CCl3—CCl3. Бясколерныя крышталі са слабым пахам камфары, tпл 187 °C (у закрытым капіляры), tкіп 185, 6 °C (вазганяецца), шчыльн. 2091 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хладону-113, як інтэнсіфікатар свячэння піратэхн. саставаў, дымаўтваральнік (у сумесі з некат. металамі), у медыцыне (процігліставы сродак). ГДК 10 мг/м³.
т. 5, с. 138
ГЕКСА́ЭДР
(ад гекса... + грэч. hedra аснова, грань),
мнагаграннік з 6 гранямі (напр., пяцівугольная піраміда). Правільны гексаэдр — куб. У крышталяграфіі адна з простых формаў кубічнай сістэмы.
т. 5, с. 138
ГЕ́КСЛІ,
Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал. блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.
т. 5, с. 138
ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.
т. 5, с. 138
ГЕКСО́ЗЫ,
монацукрыды з 6 вугляроднымі атамамі ў малекуле (C6H12O6). Знаходзяцца ў раслінных і жывёльных тканках у свабодным стане і ў поліцукрыдах. Гексозы, якія маюць у малекуле альдэгідную групу, адносяцца да альдоз (глюкоза, маноза, галактоза), кетонную — да кетоз (фруктоза). Найб. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.
т. 5, с. 138
ГЕКТА...
(ад грэч. hekaton сто),
дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 102 зыходным адзінкам. Пазначаецца г. Напр., 1 гл = 102 л = 100 л, 1 гВт = 102 Вт = 100 Вт.
т. 5, с. 138