ГЕ́ДЫКЕ Аляксандр Фёдаравіч
(4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 5, с. 132
ГЕДЫ́Н
(Hedin) Свен Андэрс (19.2.1865, Стакгольм — 26.11.1952),
шведскі падарожнік. У 1893—1902 даследаваў Тыбет і ПнЗ Цэнтр. Азіі. У 1905—08 з Трапезунда (цяпер г. Трабзон, Турцыя) праз Паўн.-Усх. Іран, Кашмір дасягнуў вытокаў рэк Брахмапутра і Сатледж. Адкрыў Гандысышань. У 1923 здзейсніў кругасветнае падарожжа праз Паўн. Амерыку, Японію, Манголію і Сібір. У 1927—35 вывучаў Кітай, Манголію, Зах. Тыбет і Усх. Туркестан.
т. 5, с. 132
ГЕДЭМА́Н Ота Магнусавіч
(29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),
бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.
Тв.:
Historja powiayu Brasławskiego. Wilno, 1930;
Dawne puszcze i wody. Wilno, 1934.
Г.А.Каханоўскі.
т. 5, с. 132