Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАСКО́ЎСКІ ЦЫРК імя Ю.У.Нікуліна, найбуйнейшы цырк Расіі. Адкрыты ў 1880. Паказваў пантамімы, феерыі і інш. З 1919 — дзярж., з 1997 імя Нікуліна. У пастаноўках 1920-х г. удзельнічалі рэж. С.​Радлаў, балетмайстар К.​Галяйзоўскі, мастакі В.​Хадасевіч, М.​Бабышоў і інш. Маст. кіраўнікі В.​Труцы (1921—22), Э.​Краснянскі (з 1931), Б.​Шэхет і Ю.​Юрскі (з 1935), А.​Арнольд (з 1950), М.​Мясцечкін (з 1956), Нікулін (1982—97), М.​Нікулін (з 1999), гал. рэжысёр В.​Гнеўшаў (1997—99). Сярод пастановак: «Трое нашых» (1942), «Маленькі П’ер» (1949), «Шчаслівага плавання» (1977), «Маскоўскаму цырку 100 гадоў» (1979), «Беражыце клоунаў» (1992), «Бульвар нашага дзяцінства» (1994), «Усмешкі старога цырка» (1995), «Мы жадаем шчасця вам...» (1999). У прадстаўленнях у розныя часы прымалі ўдзел Альперавы, А.​Амвросьева, М.​Антонаў і В.​Барценеў, І.​Бутрымава, Дуравы, Л.​Енгібараў, Карандаш (М.​Румянцаў), Э.​Кіо, В. і А.​Кіс, сёстры Кох, В.​Лазарэнка, Манжэлі, Нікулін, А.​Папоў, Сосіны, Труцы, Г.​Шахнін, М.​Шуйдзін і інш. У 1946—49 і 1966—68 пры М.ц. працавала студыя размоўных жанраў.

т. 10, с. 184

МАСКУЛІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. masculinus мужчынскі),

развіццё ў самкі мужчынскіх другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самак рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых як вынік парушэння гарманальнага балансу. У эксперыменце перасадка семянніка кастрыраванай курыцы суправаджаецца развіццём у яе петушынага галаўнога ўбору, з’яўленнем здольнасці пець па-петушынаму і інш. М. ў чалавека наз. вірылізмам.

т. 10, с. 185

МАСКУЛІНІ́ЗМ,

тое, што вірылізм.

т. 10, с. 185

МА́СЛАВА (Валянціна Аўрамаўна) (н. 2.1.1949, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Кіргізскі дзярж. ун-т (1972). Працавала ў Ошскім пед. ін-це. З 1982 у Віцебскім ун-це. Аўтар прац у галіне псіхалінгвістыкі і лінгвакультуралогіі: «Размова пра псіхалінгвістыку» (1992), «Уводзіны ў лінгвакультуралогію», «Лінгвістычны аналіз экспрэсіўнасці мастацкага тэксту» (абедзве 1997), «Філалагічны аналіз Паэтычнага тэксту» (1999), сааўтар кн. «Этнапсіхалінгвістыка» (1988), «Чалавечы фактар у мове» (1991) і інш.

Тв.:

Преданья старины глубокой в зеркале языка. Мн., 1997.

т. 10, с. 185

МА́СЛАВА (Галі Сямёнаўна) (10.3.1904, г. Казань, Татарстан — 14.12.1991),

расійскі этнограф. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі ун-т (1924). Працавала ў Музеі Цэнтральнапрамысл. вобл., Музеі народаў СССР. У 1947—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследавала агульныя рысы і своеасаблівасць нар. адзення, арнаменту, вышыўкі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, абрадавыя функцыі нар. адзення ўсх.-слав. народаў, яго гісторыю, сац. сімволіку і эстэтыку. На матэрыялах адзення вывучала гіст.-культ. сувязі беларусаў з рускімі і ўкраінцамі, этнічныя працэсы ў СССР. Аўтар прац «Народнае адзенне рускіх, украінцаў і беларусаў у XIX — пачатку XX ст.» (1956), «Народнае адзенне ва ўсходне-славянскіх традыцыйных звычаях і абрадах XIX — пачатку XX ст.» (1984). Адзін з аўтараў працы «Сучасныя этнічныя працэсы ў СССР» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1981).

Тв.:

Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 185

МАСЛАКІ́,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бася. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Горкі, 80 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Зубры. 757 ж., 286 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. На паўн.-зах. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 10, с. 185

МАСЛАКО́Ў (Дзмітрый Андрэевіч) (н. 8.2.1927, в. Леснікі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі. Д-р мед, н. (1974), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951). З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це (рэктар да 1998, заг. кафедры). Навук. працы па біял. актыўнасці поліцукрыдных прэпаратаў і амінакіслот.

Тв.:

Биологическая активность некоторых полисахаридов и их клиническое применение. Мн., 1977 (разам з К.​А.​Эйсмантам);

Последствия использования гепарина в условиях надпочечниковой недостаточности: роль оксида азота (разам з Н.​Я.​Максімовіч) // Роль нейромедиаторов и регуляторных пептидов в процессах жизнедеятельности. Мн., 1999.

т. 10, с. 185

Маслакоў Аркадзь Дзмітрыевіч

т. 18, кн. 1, с. 427

МАСЛАРО́БСТВА,

выраб сметанковага масла з малака с.-г. жывёл. Вырабляюць салодкасметанковае масла (са свежых пастэрызаваных вяршкоў), кісласметанковае (з вяршкоў, заквашаных малочнакіслымі бактэрыямі), масла з разнымі напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае, мядовае), таплёнае (чысты малочны тлушч).

Зыходную сыравіну М. (вяршкі) атрымліваюць сепарыраваннем малака ў сепаратарах, само масла — збіваннем або пераўтварэннем вяршкоў. Пры М. збіваннем вяршкі сярэдняй тлустасці (30—45%) папярэдне пастэрызуюць, хутка ахаладжаюць, вытрымліваюць у спец. ёмістасцях і збіваюць у маслапрыгатавальніках. Пры спосабе пераўтварэння папярэдне пастэрызаваныя вяршкі высокай тлустасці (83—85%) падаюць пад ціскам у маслаўтваральнік, дзе яны хутка ахаладжаюцца пры інтэнсіўным мех. перамешванні, у выніку чаго адбываецца крышталізацыя малочнага тлушчу. У М. выкарыстоўваюць паточныя лініі з адпаведным абсталяваннем.

М. вядома з глыбокай старажытнасці (упамінаецца ў Бібліі і паэмах Гамера). Масла спачатку выкарыстоўвалася ў рытуальных і мед. мэтах, як харч. прадукт пачало ўжывацца ў краінах Паўн. Еўропы, адкуль у 12 ст. яго сталі вывозіць у інш. краіны. У Расіі прамысл. вытв-сць масла пачата з канца 19 ст. і паступова ператварылася ў высокамеханізаваную галіну. Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.

К.​В.​Фамічэнка.

Да арт. Масларобства. Паточная лінія для вытворчасці сметанковага масла: 1 — прыёмны зборнік вяршкоў; 2 — пастэрызатар; 3 — напорны бак; 4 — сепаратары; 5 — прамежкавыя зборнікі; 6 — маслаўтваральнік-ахаладжальнік; 7 — вагі.

т. 10, с. 185

МАСЛАСЫРАРО́БНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб сметанковага масла і сыроў з малака с.-г. жывёл. Масла салодка- і кісласметанковае, масла з напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае і інш.) атрымліваюць збіваннем і пераўтварэннем вяршкоў (гл. Масларобства); сычужныя і кісламалочныя сыры — сквашваннем малака (гл. Сыраробства).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 10, с. 185