Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАСКО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР КЛАСІ́ЧНАГА БАЛЕ́ТА пад кіраўніцтвам Н.​Дз.​Касаткінай і У.​Ю.​Васілёва. Засн. ў 1966 як Харэаграфічны канцэртны ансамбль СССР «Малады балет». Арганізатар і першы маст. кіраўнік І.Майсееў

(да 1970). З 1971 наз. Канцэртны ансамбль СССР «Класічны балет» (кіраўнік Ю.​Жданаў),

з 1978 Дзярж. канцэртны ансамбль «Маскоўскі класічны балет», з 1986 Маскоўскі дзярж. т-р балета СССР, з 1992 сучасная назва. З 1977 дырэктар і маст. кіраўнік Васілёў, гал. балетмайстар Касаткіна. У рэпертуары балеты «Хітрыкі Тэрпсіхоры» на муз. І.​Штрауса, «Абліччы кахання» на зборную музыку; фрагменты з класічных балетаў «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Наталі, або Швейцарская малочніца» А.​Гіравеца і М.​Э.​Карафы ды Калабрана (абодва 1980), «Чароўны камзол» М.​Карэтнікава (1983), «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1990), «Жызэль» А.​Адана (1991), «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1993) і інш. У розны час у трупе працавалі: А.​Гарбацэвіч, С.​Ісаеў, У.​Малахаў, І.​Мухамедаў, Т.​Палій, М.​Перкун-Бебезічы, Г.​Сцепаненка, В.​Цімашова, Г.​Шляпіна і інш.

Маскоўскі дзяржаўны тэатр класічнага балета. Сцэна з балета «Чароўны камзол».

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр

(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.​Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.​Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.​Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.​Кліпер-Чэхава, І.​Масквін, М.​Ліліна, М.​Андрэева, А.​Арцём, У.​Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.​Качалаў, Л.​Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906),

«Сіняя птушка» М.​Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.​Тургенева (1909), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.​Андроўская, М.​Балдуман, М.​Баталаў, А.​Георгіеўская, Б.​Дабранраваў, Н.​Зуева, М.​Кедраў, А.​Ктораў, Б.​Ліванаў, П.​Масальскі, М.​Прудкін, В.​Сганіцын, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, В.​Тапаркоў, М.​Тарханаў, М.​Хмялёў, К.​Яланская, М.​Яншын і інш.; рэжысёры Б.​Вяршылаў, М.​Гарчакоў, І.​Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.​Булгакава, У.​Іванава, К.​Транёва, А.​Карнейчука, В.​Катаева, Л.​Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.​Сіманава, А.​Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.​Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.​Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.​Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (з А.​Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.​Гельмана, М.​Рошчына, М.​Шатрова, А.​Мішарына. У т-ры працавалі І.​Смактуноўскі, А.​Калягін, Т.​Дароніна, А.​Папоў, А.​Мягкоў, Т.​Лаўрова, Я.​Еўсцігнееў, К.​Васільева, А.​Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.​Эфрасам, Л.​Додзіным, М.​Разоўскім, К.​Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.​Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.​Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа і Я.​Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭА́ТР ДРУГІ́ (МХАТ-2). Дзейнічаў у 1924—36. Створаны на аснове 1-й Студыі МХТ, арганізаванай у 1912 К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім. Кіраўнікі М.​Чэхаў, з 1928 І.​Бярсенеў. У студыі і пазней у т-ры ставіліся спектаклі па творах Ф.​Дастаеўскага, М.​Ляскова, М.​Салтыкова-Шчадрына, А.​К.​Талстога, А.​М.​Талстога, В.​Гюго, Дж.​Флетчэра, У.​Шэкспіра, А.​Афінагенава, А.​Белага, А.​Файко і інш. Працавалі акцёры С.​Бірман, С.​Гіяцынтава, Л.​Дзяйкун, А.​Дзікі, М.​Дурасава, В.​Салаўёва, Б.​Сушкевіч, А.​Чабан, Чэхаў і інш. У 1928 Чэхаў эмігрыраваў за мяжу, частка трупы на чале з Дзікім выйшла з т-ра.

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ МУЗЫЧНА-ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя Гнесіных,

назва ў 1944—92 Расійскай акадэміі музыкі.

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ МУЗЫ́ЧНЫ КА́МЕРНЫ ТЭА́ТР.

Засн. ў 1971 на базе Вучэбнага т-ра Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (існаваў з 1958). Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Пакроўскі. Мае на мэце адраджэнне традыцый старадаўняй оперы, зліццё сцэн. і муз. інтэрпрэтацый (спевакі — драм. акцёры), аб’яднанне артыстаў, аркестра і публікі ў працэсе спектакля (частковы перанос дзеяння ў глядзельную залу і інш.), пошук новых жанравых форм. Ставяцца оперы, зінгшпілі, мюзіклы і спектаклі новых жанраў, напр., «музычна-псіхаграфічная драма» «Дваранскае гняздо» У.​Рэбікава. Адначасова т-р захоўвае традыцыі рус. опернага т-ра. У рэпертуары: «Сокал» Дз.​Бартнянскага, «Скупы» В.​Пашкевіча, «Дырэктар тэатра» В.​А.​Моцарта, «Аптэкар» І.​Гайдна, «Нос» Дз.​Шастаковіча, «Бедныя людзі» Г.​Сядзельнікава, «Шынель», «Брычка» і «Плады асветы» А.​Холмінава, «Растоўскае дзейства» Дз.​Растоўскага, «Прыгоды гулякі» І.​Стравінскага, «Давайце створым оперу» Б.​Брытэна, «Жыццё з ідыётам» А.​Шнітке. У складзе т-ра: Б.​Дружынін, Н.​Якаўлева, М.​Лемешава, Э.​Акімаў, Л.​Сакаленка, М.​Жукава, А.​Мачалаў і інш. Гал. дырыжоры: Г.​Раждзественскі (з 1974), Л.​Асоўскі (з 1987).

Літ.:

Покровский Б.А. Ступени профессии. М., 1984.

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ МУНІЦЫПА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР «НО́ВАЯ О́ПЕРА».

Створаны ў 1991. Арганізатар, маст. кіраўнік і дырыжор Я.​Колабаў. У рэпертуары пастаноўкі класічных опер, якія не ставіліся на рас. сцэне, а таксама арыг. трактоўкі вядомых твораў. Пастаўлены оперы «Марыя Сцюарт» Г.​Даніцэці, «Двое Фаскары» Дж.​Вердзі, «Валі» А.​Каталані. Эксперыментальную трактоўку набыла опера «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, створаны арыг. спектаклі «Расіні» і «О, Моцарт, Моцарт!» паводле твораў В.​А.​Моцарта, М.​Рымскага-Корсакава і А.​Сальеры, оперы ў канцэртным выкананні «Сіла лёсу» Вердзі, «Дэман» А.​Рубінштэйна. У рэпертуары таксама хар. і сімф. канцэртныя праграмы.

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ ПРАТАКО́Л 1929,

міжнароднае пагадненне (ініцыіравана ўрадам СССР) аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне Келага—Брыяна пакта 1928. Падпісаны 9.2.1929 у Маскве прадстаўнікамі СССР, Польшчы, Румыніі, Эстоніі, Латвіі. Пазней да М.п. далучыліся Турцыя (27.2.1929), Іран (3.4.1929), Літва (5.4.1929).

т. 10, с. 181

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ МАССАВЕ́ТА,

гл. Тэатр імя Массавета.

т. 10, с. 182

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ У.МАЯКО́ЎСКАГА Створаны ў 1922 як Маскоўскі т-р Рэвалюцыі. З 1943 наз. Маскоўскі т-р драмы, з 1954 сучасная назва. У 1922—24 т-р узначальваў У.​Меерхольд (паст. «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Возера Люль» А.​Файко, абодва 1923). З сярэдзіны 1920-х г. спектаклі ставілі рэжысёры розных школ, сярод пастановак: «Рэха» У.​Біль-Белацаркоўскага (1924), «Чалавек з партфелем» Файко (1928). У 1930—35 гал. рэжысёр А.​Папоў, які паставіў «Мой сябар» М.​Пагодзіна (1932), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1935). У 1939 А.​Лабанаў паставіў «Таню» А.​Арбузава. У 1943—66 гал. рэжысёр М.​Ахлопкаў, які паставіў спектаклі «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Садоўнік і цень» Л.​Лявонава (1957), «Медэя» Эўрыпіда (1961). З 1967 маст. кіраўнік А.​Ганчароў, пастаноўкам якога ўласцівы яркая тэатр. форма, грамадз.-публіцыстычны пафас: «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1969), «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса (1970), «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага (1971), «Размовы з Сакратам» Э.​Радзінскага (1975), «Бег» М.​Булгакава (1978), «Заўтра была вайна» Б.​Васільева (1985), «Захад» І.​Бабеля (1988), «Гарбун» С.​Мрожака (1992), «Ахвяра стагоддзя» паводле А.​Астроўскага (1994) і інш. У розныя гады ў складзе трупы: М.​Бабанава, Т.​Васільева, Э.​Вітарган, Ю.​Глізер, Н.​Гундарава, Т.​Дароніна, А.​Джыгарханян, Т.​Карпава, І.​Касталеўскі, А.​Лазараў, Я.​Лявонаў, С.​Немаляева, Н.​Русланава, У.​Самойлаў, Я.​Самойлаў, Б.​Ценін, М.​Штраўх і інш.

Маскоўскі тэатр імя У.​Маякоўскага.

т. 10, с. 182

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я.ВАХТА́НГАВА,

гл. Тэатр імя Я.​Вахтангава.

т. 10, с. 181