Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕЙКАПЕНІ́Я (ад грэч. leucos белы + penia беднасць),

памяншэнне колькасці лейкацытаў у перыферычнай крыві. Можа назірацца пасля перанесеных некат. інфекцыйных хвароб, пры прамянёвай хваробе, пасля ўжывання некат. лекавых сродкаў (Л. таксічнага характару).

Я.П.Іваноў.

т. 9, с. 189

ЛЕЙКАПЛАКІ́Я (ад грэч. leucos белы + plakion плітка, пласцінка),

пашкоджанне слізістай абалонкі чалавека ў выніку працяглага ўздзеяння раздражняльнікаў (алкаголь, тытунь, зубныя пратэзы і інш.). Адносіцца да перадпухлінных хвароб. Найчасцей хварэюць мужчыны. Выяўляецца ачагамі шаравата-белага колеру на слізістых абалонках языка, шчок, геніталіяў з нязначнымі ўшчыльненнямі; пры працяглым існаванні адбываецца патаўшчэнне слізістай абалонкі, сасочкавыя разрастанні, магчымы пераход у плоскаклетачны рак. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае, прамянёвая тэрапія.

Н.З.Ягоўдзік.

т. 9, с. 189

ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),

бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.

т. 9, с. 189

ЛЕ́ЙКАРТ ((Leuckart) Рудольф) (7.10. 1822, г. Гельмштэт, Германія — 6.2. 1898),

нямецкі заолаг, адзін з заснавальнікаў паразіталогіі. Праф. ун-таў у г. Гісен (з 1850) і г. Лейпцыг (з 1870). Навук. працы па біялогіі паразітычных чарвей, у т.л. стужачных, трыхінелы, параўнальнай марфалогіі і сістэматыцы беспазваночных. Падзяліў прамяністых жывёл на 2 тыпы: кішачнаполасцевыя і ігласкурыя.

Тв.:

Рус. пер. — Общая естественная история паразитов, особенно видов, водящихся у человека. СПб., 1881.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),

род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т.л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).

Літ.:

Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,

працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫТО́З,

павышаная звыш нормы колькасць лейкацытаў у перыферычнай крыві. Назіраецца пры некат. інфекцыйных хваробах (інфекцыйны ці бактэрыяльны Л.), таксама ў час цяжарнасці, псіхаэмацыянальных узрушэнняў, пад уздзеяннем моцнага болю і інш. (неінфекцыйны ці стрэсавы Л.). Ацэнка колькасці лейкацытаў і лейкацытарная формула маюць важнае дыягнастычнае значэнне.

Я.П.Іваноў.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),

белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 10​9 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

ЛЕЙКЕМІ́Я,

тое, што лейкоз.

т. 9, с. 190

ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),

рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.Чэхава.

Тв.:

Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.

т. 9, с. 190