Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАНА́ТА

(італьян. granata ад лац. granatus зярністы),

1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).

Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.

2) Устарэлая назва артыл. снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.

т. 5, с. 405

ГРАНАТАМЁТ,

пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.

Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразавага дзеяння, Германія).

т. 5, с. 405

ГРАНА́ТЫ

(ад лац. granatus зярністы),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R​2+R​3+ [Sio4]3, дзе R​2+ — Са, Fe, Mg, Mn, а R​3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 405

ГРАНА́Т ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

руская універсальная энцыклапедыя. Выдаваўся з 1891 у Маскве братамі А. і І.Гранат. Да 1917 (т. 1—33; падрыхтаваны т. 37—39, 42) выдаваўся т-вам «Бр. А. і І.Гранат і К​о», потым (з т. 34) — Рус. бібліягр. ін-там Гранат, 54-ы і 58-ы тамы — Дзярж. навук. ін-там «Савецкая энцыклапедыя». У 1891—1903 выйшлі першыя 6 выданняў у 8—9 тамах, у 1910—48 — 7-е перапрацаванае выданне ў 58 т., (за выключэннем 56-га т.); у 1910—17 выйшлі 1—33 т., у 1917—48 — т. 34—58. Пазней былі выдадзены стэрэатыпныя выданні (з 8 па 13 т.).

Слоўнік насычаны даведачным і фактычным матэрыялам, мае вял. навукова-пазнавальнае значэнне. Асобныя артыкулы з-за цэнзурных меркаванняў не былі надрукаваны. Адметная асаблівасць Гранат энцыклапедычнага слоўніка — шматлікія дадатковыя тэксты да агульных артыкулаў: манаграфіі (т. 13), бібліягр. слоўнікі (т. 40), бібліягр. паказальнікі найноўшай рус. белетрыстыкі (т. 11) і інш.

В.К.Шчэрбін.

т. 5, с. 405

ГРАНВІ́ЛЬ

(Granville),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі, на Пд ад г. Шэрбур, на беразе праліва Ла-Манш. Мяккі марскі клімат, пясчаны пляж, цёплая марская вада эфектыўныя ў клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Шмат атэляў, пансіянатаў, водалячэбніц. Буйны цэнтр турызму і паруснага спорту.

т. 5, с. 406

ГРАНВІ́ЛЬ

[Grandville; сапр. Жэрар (Gérard) Жан Іньяс Ізідор, 15.9.1803, г. Нансі, Францыя — 17.3.1847],

французскі графік. Вядомы як аўтар актуальных і вострых паліт. карыкатур на бюракратыю, парыжскіх буржуа, ілюстрацый да твораў англ. пісьменнікаў Дж.Свіфта («Падарожжы Гулівера»), Д.Дэфо («Рабінзон Круза» і інш.). Для маст. манеры Гранвіля характэрны метафарычнае выкарыстанне вобразаў жывёл, асобных прадметаў, дакладная дэталізацыя малюнка.

т. 5, с. 406

ГРА́НДЗІЧЫ,

вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.

В.М.Князева.

т. 5, с. 406

ГРА́НДЫ

(Grandes),

у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).

т. 5, с. 406

«ГРАНД-АПЕРА́»

(Grand Opéra),

гл. Парыжская опера.

т. 5, с. 406

ГРАНД-КА́НЬЁН

(Grand Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс. га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар. Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.

т. 5, с. 406