ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
т. 5, с. 488
ГРЭ́БЛЯ,
гаць, шлях, пракладзены ў балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі цераз ручаіны і рэкі. Аснову найпрасцейшай грэблі складаў насціл з галля. На балоцістых мясцінах грэблю часцей будавалі зімой. Вясной многія грэблі затапляліся і размываліся, іх даводзілася аднаўляць. Адыгрывалі важную ролю ў гасп. жыцці ВКЛ. Патрабавалі вял. ўвагі, асабліва ў час інтэнсіўнага руху гасп. грузаў і перамяшчэння войск. З усталяваннем індустр. формаў дарожнага буд-ва і меліярацыі грэблі страцілі практычнае значэнне.
т. 5, с. 488
ГРЭ́БНЕЎ Андрэй Феакціставіч
(30.11.1912, пас. Пакацілаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 20.10.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1941), удасканалення афіцэрскага саставу (1947), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1, 2, 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў баях на ПдУ ад в. Задруцце Рагачоўскага р-на, за вызваленне Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска. Да 1968 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 488
ГРЭ́БНІК,
грабеннік (Cynosurus), род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (С. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 489
ГРЭ́ГАРЫ
(Gregory),
браты, англ. тапографы, даследчыкі Аўстраліі. Нарадзіліся ў г. Фарнсфілд, Вялікабрытанія. З 1841 супрацоўнікі тапагр. службы ў Зах. Аўстраліі. Агастус (1.8.1819 — 25.6.1905), у 1848 накіраваўся ад г. Перт на Пн, адкрыў і даследаваў бас. р. Мерчысан. У 1855—56 перасек Аўстралію ў паўд.-ўсх. напрамку ад зал. Жазеф-Банапарт Тыморскага м. да Ціхага ак.; даследаваў воз. Вікторыя. У 1858 паўторна перасек Аўстралію ў паўд.-зах. напрамку (ад г. Брысбен да г. Адэлаіда). Фрэнсіс (19.10.1821 — 24.10.1888), вывучаў Зах. Аўстралію, адкрыў у 1858 на Пн ад р. Гаскайн гару Агастус (названа ў гонар брата), у 1861 — рэкі Дэ-Грэй, Фортэск’ю, Ашбертан і хр. Хамерслі. Склаў схематычную геал. карту Зах. Аўстраліі.
т. 5, с. 489
ГРЭГАРЫ́НЫ
(Gregarinia),
падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).
Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).
т. 5, с. 489
ГРЭ́ЗА,
рака ў Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 51 км. Пл. вадазбору 458 км². Пачынаецца каля паўд.-ўсх. ускраіны в. Загрэззе Магілёўскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прыток Езва (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова парэзаная старымі рэчышчамі і канавамі, шыр. 400—500 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,3 м³/с. Берагі ўмерана стромкія, адкрытыя, пад лугамі. Водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 5, с. 489
ГРЭЙ,
адзінка паглынутай дозы выпрамянення і кермы ў СІ. Пазначаецца Гр. Названа ў гонар англ. фізіка Л.Грэя. Грэй роўны паглынутай дозе выпрамянення, пры якой абпрамененаму рэчыву масай 1 кг перадаецца энергія іанізавальнага выпрамянення 1 Дж. 1 Гр=Дж/кг=100 рад.
т. 5, с. 489
ГРЭЙ
(Gray) Джон (1798—1850),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).
т. 5, с. 489
ГРЭЙ,
Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.
т. 5, с. 489