Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРУ

(Grew) Неемія (26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),

англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.

т. 5, с. 451

ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 5, с. 451

ГРУ́БЕР

(Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805),

аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 5, с. 451

ГРУ́БІН Натан Барысавіч

(27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),

дырыжор і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.

Б.С.Смольскі.

т. 5, с. 452

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

т. 5, с. 452

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

ГРУ́БЭ Аляксандр Васілевіч

(31.8.1894, в. Грыгор’еўка Белябееўскага р-на, Башкортастан — 3.8.1980),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1941—16). З 1918 настаўнічаў у мяст. Краснаполле (Магілёўская вобл.). З 1924 жыў у Мінску, з 1941 у Маскве. Адзін з арганізатараў і старшыня Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У творчасці адчувальны ўплыў традыцый бел. нар. драўлянай скульптуры («Лірнік», «Кастусь Каліноўскі», абедзве 1926). Сярод работ з рысамі стылізацыі, але лаканічных па трактоўцы, поўных унутр. напружання: «Раб», «Тачачнік» («Паднявольная праца», абедзве 1928), «Танкіст» (1943), «Першая баразна» (1949) і інш. Працаваў у жанры партрэта (М.Багдановіч, 1927, Л.М.Даватар, 1944), станковай і манум. пластыкі («Трактарыстка», 1935), дэкар. скульптуры («Беларус-касец», 1940) і інш. Творы адметныя арыгінальнасцю і выразнасцю пластычнай формы, эмацыянальнасцю.

Літ.:

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

П.М.Герасімовіч.

т. 5, с. 452

ГРУГА́Н,

птушка, гл. Крумкач.

т. 5, с. 452

ГРУД у лясной тыпалогіі, характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.

т. 5, с. 452

ГРУ́ДА Эдуард Іосіфавіч

(н. 28.11.1936, в. Данілавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.10.1997),

бел. матэматык. Чл.-кар. АН Беларусі (1984), Д-р фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1991). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1977 заг. лабараторыі. Навук. працы па даследаванні аналітычных, якасных і асімптатычных уласцівасцей інтэгральных разнастайнасцей дыферэнцыяльных сістэм. Стварыў навук. кірунак у тэорыі сістэм Пфафа—тэорыю характарыстычных вектараў.

Тв.:

О периодических решениях нелинейных дифференциальных систем с условием Липшица в общем критическом случае // Весці АН БССР. Сер. фіз.-матэм. навук. 1983. №2;

Псевдонормальная форма матриц // Дифференциальные уравнения. 1991. Т. 27, № 10.

М.У.Токараў.

т. 5, с. 452