ГРУ́БЕР
(Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805),
аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 5, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)