Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРО

(Gros) Антуан Жан (16.3.1771, Парыж — 26.6.1835),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я г. афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.Б.Юсупава, 1809; палк. Ф.Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.

Літ.:

Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.

т. 5, с. 419

ГРО́АТ

(Grooth),

нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.

Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял. кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).

т. 5, с. 419

ГРОГ

(англ. grog),

напітак з гарэлкі, рому або каньяку і гарачай вады з цукрам.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.

А.М.Кулагін, І.Г.Трусаў.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА ШПІТА́ЛЯ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры канца 18 — пач. 19 ст.

Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна баніфратаў, які ў канцы 18 ст. меў драўляны будынак шпіталя. У пач. 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным 2-павярховым будынку бровара баніфратаў, а пасля скасавання ордэна яго будынак перададзены пад акр. шпіталь. У 1857 і 1891 будынак перабудаваны, да яго дабудаваны 2 трохпавярховыя флігелі, і ў такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу.

Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з цокальным паверхам. Сіметрычная кампазіцыя гал. фасада падкрэслена 3 рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Аперацыйная зала ў сярэдзіне асн. аб’ёму мела купал. З 1902 у будынку размяшчаліся акр. ўправа і паштова-тэлегр. кантора з кватэрамі для служачых. У 2-й пал. 20 ст. з гал. фасада зняты балконы, ліквідаваны купал, зменена ўнутр. планіроўка.

Р.М.Акінчыц.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1793—95. Цэнтр — г. Гродна. Утворана паводле рашэння Гродзенскага сейма 1793, калі Гродзенскі пав. Трокскага ваяв. пераўтвораны ў самаст. ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) указам рас. ўрада ад 25.12.1795 ваяводства пераўтворана ў Гродзенскі пав. Слонімскай губ. 2) Назва, якая выкарыстоўвалася паўстанцамі ў адносінах да Гродзенскай губ. ў перыяд падрыхтоўкі і ў ходзе паўстання 1863—64.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.В. Прытыцкага. Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́».

Засн. ў 1978 як з-д сінт. валакна. З 1983 сучасная назва. Выпускала кордавую тканіну для шыннай прам-сці. У 1980 уведзена 2-я чарга па вытв-сці тэкстураванай жгутавай ніткі дывановага асартыменту, у 1989 — 3-я чарга па выпуску звыштрывалай кордавай тканіны, у 1997 — устаноўка па выпуску капронавай крошкі. Асн. прадукцыя (1996): ніткі жгутавыя капронавыя для дываноў, кордавая капронавая тканіна, валакно штапельнае, паліаміды; тавары нар. ўжытку (больш за 30 відаў). Асн. спажыўцы (1996): Англія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Галандыя, Германія, ЗША, Італія, Польшча, Чэхія, Швейцарыя, Японія, краіны СНД і Прыбалтыкі.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ПРАДЗІ́ЛЬНА-НІ́ТАЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Засн. ў 1967 як бавоўнапрадзільная ф-ка. З 1973 прадзільна-нітачны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае бавоўнапрадзільную і нітачную ф-кі. Асн. прадукцыя (1996): пража баваўняная і змешаная, швейныя ніткі баваўняныя і арміраваныя (бавоўна з поліэфірным стрыжнем). Прадукцыя з’яўляецца сыравінай для трыкатажных, галантарэйных, ткацкіх, швейных і абутковых прадпрыемстваў, ідзе на выраб бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, пашыў адзення, абутку і інш.

т. 5, с. 420