ГРО (Gros) Антуан Жан
(16.3.1771, Парыж — 26.6.1835),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я г. афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.Б.Юсупава, 1809; палк. Ф.Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.
Літ.:
Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)