ГРАНАДЫЯРЫ́Т,
магматычная інтрузіўная поўнакрышт. горная парода, прамежкавая паводле саставу паміж гранітамі і кварцавым дыярытам. Складаецца з плагіяклазу (65—90%), каліева-натрыевага палявога шпату, кварцу, рагавой падманкі, біятыту, радзей піраксену і акцэсорных мінералаў (апатыт, магнетыт, сфен і інш.). Колер зеленавата-шэры. У залежнасці ад структуры і тэкстуры адрозніваюць гранадыярыт: парфірападобныя, раўнамерна-, буйна-, сярэдне-, дробна-, тонказярністыя, аплітавыя, пегматоідныя, масіўныя, у палоску, плямістыя і інш. Глыбінны аналаг дацыту. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Трываласць на сцісканне 100—300 МПа. Гранадыярыт развіты ва ўсіх раёнах, дзе пашыраны кіслыя глыбінныя пароды. На Беларусі вядомы ў саставе крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як абліцовачны камень і друз.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)