ГРА́НДЗІЧЫ,
вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.
В.М.Князева.
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)